Пасьля ўрачыстай цырымоніі А.Лукашэнка пайшоў размаўляць зь мясцовым насельніцтвам. І адзін з жыхароў Жыткавічаў, кіраўнік мясцовай вэтэранскай арганізацыі, былы настаўнік гісторыі, выказаў яму незадаволенасьць дзейнай Канстытуцыяй Беларусі, якая не прадугледжвае пажыцьцёвага тэрміну прэзыдэнцтва.
Аляксандар Лукашэнка на гэта адразу адрэагаваў, сказаўшы, што нічога не павінна быць пажыцьцёвым, а пазьней прызнаў, што такая прапанова, паводле яго, мае як станоўчыя, гэтай і нэгатыўныя бакі. Да станоўчых спадар Лукашэнка аднёс тое, што кіраўнік дзяржавы, які пачаў рэалізоўваць сваю палітычную лінію, больш за як адказвае, і ў яго, адпаведна, болей магчымасцяў для яе ажыцьцяўленьня. А да адмоўных момантаў пажыцьцёвага кіраваньня спадар Лукашэнка аднёс магчымасьць істотных памылак: маўляў, а раптам прэзыдэнта занясе не туды.
Нэгатыўна ацаніў А.Лукашэнка і магчымую перадачу ўлады ў спадчыну, сказаўшы што ён гэтага не ўспрымае.
Тым ня менш, гэтая размова ў цэлым дазволіла спадару Лукашэнку вярнуцца да тэмы свайго трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў, што ён не выключае магчымасьці балятавацца і на наступных выбарах кіраўніка дзяржавы, калі народ яго пра гэта папросіць, калі ўсё будзе ў краіне нармальна, і ён ён сам будзе бачыць, што “народ церпіць Лукашэнку”. Тады той мяркуе спытацца ў грамадзянаў, ці ня супраць яны, каб ён удзельнічаў і ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах нароўні з 5–6 іншымі кандыдатамі, — сказаў А.Лукашэнка жыхарам Жыткавічаў.
Пры гэтым ён прызнаў, што ў яго ёсьць яшчэ 3,5 году прэзыдэнцкага тэрміну, каб даказаць справамі, што ён дастойны гэтага. Хаця напраўду яму застаецца кіраваць ўжо менш за тры гады. Адной з такіх справаў будзе газіфікацыя ўсіх рэгіёнаў Беларусі, — зазначыў А.Лукашэнка.