Амэрыканскі прэзыдэнт параўнаў гэта з тым, як у выніку шматгадовага ціску з боку ЗША за часы прэзыдэнта Рэйгана скончылі існаваньне камуністычныя рэжымы.
Баронячыся ад крытыкі вакол Іраку з боку сродкаў масавай інфармацыі і палітычных супернікаў, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш перайшоў учора ў наступ, заявіўшы, што вызваленьне Іраку станецца пачаткам таго, што ён назваў ”глябальнай дэмакратычнай рэвалюцыяй”.
Выступаючы ў Нацыянальным Фондзе ў падтрымку Дэмакратыі – няўрадавай арганізацыі, якая выступае ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у сьвеце – Буш паспрабаваў паказаць амэрыканскія дзеяньні ў Іраку і вайну з тэрарызмам як частку шырэйшага змаганьня за дэмакратыю супраць тыраніі:
(Буш: ) “Параза ірацкай дэмакратыі надала б адвагі тэрарыстам ва ўсім сьвеце. Гэта павысіла б небясьпеку для амэрыканскага народу і пазбавіла б надзеі мільёны людзей у рэгіёне. Ірацкая дэмакратыя пераможа, і гэтая перамога станецца сыгналам на тэрыторыі ад Дамаску да Тэгерану аб тым, што свабода можа быць будучыняй кожнага народу”.
Буш параўнаў місію заахвочваньня дэмакратыі на Блізкім Усходзе і ў астатнім сьвеце з амэрыканскімі намаганьнямі здушыць савецкі камунізм за часы прэзыдэнцтва Рональда Рэйгана. Сёньня для Амэрыкі на карту пастаўлена ня менш, чым у тыя часы. Джордж Буш сярод іншага сказаў:
(Буш: ) “Сёньня на Блізкім Усходзе мы стаім перад сур’ёзным выклікам. Як зазначаецца ў нядаўнай справаздачы арабскіх навукоўцаў, глябальная хваля дэмакратыі, цытую, ‘ледзь закранула арабскія краіны’. Далей яны пішуць, ‘Гэты дэфіцыт свабоды стрымвае разьвіцьцё грамадзтва і зьяўляецца адной з самых балючых праяваў запозьненага палітычнага разьвіцьця’. Паводле іх, дэфіцыт свабоды мае жахлівыя наступствы для народаў Блізкага Ўсходу і ўсяго сьвету”.
Цяпер, калі амаль штодня ў Іраку гінуць амэрыканскія вайскоўцы, шмат хто ў амэрыканскіх сродках масавай інфармацыі і ў Кангрэсе ўзьнімае пытаньне – ці вартая гэтая вайна такой высокай цаны. І апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што амэрыканцы штораз менш падтрымваюць Бушавы мэтады вядзеньня вайны.
Дарэчы, прэзыдэнт Буш выступіў са згаданай прамовай якраз перад падпісаньнем закону аб выдзяленьні каля 87 мільёнаў даляраў на ваенныя дзеяньні і адбудову Іраку і Афганістану. Паводле аналітыкаў, менавіта праблемы ў адбудове Іраку часткова сталіся прычынай зьмяншэньня ягонай папулярнасьці.
Патрык Бэшам займае пасаду ўнутрыпалітычнага аналітыка ў вашынгтонскай дасьледнай групе ”Інстытут Катона”. У інтэрвію нашаму радыё Бэшам сказаў, што ідэя пашырэньня дэмакратыі – хоць для амэрыканскай адміністрацыі яна й ня новая – у барацьбе з тэрарызмам і ў ваенных дзеяньнях у Іраку дагэтуль заставалася на заднім пляне.
Паводле Бэшама, новы ўпор на дэмакратыю часткова дыктуецца палітычнымі абставінамі, улучна з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году:
(Бэшам: ) “Гэта спроба неяк па-новаму павярнуць старую справу. Часткаю стратэгіі ваеннага ўмяшаньня ў Іраку – або можна нават сказаць яе лягічным абгрунтаваньнем – заўсёды была ідэя, што калі мы туды ўвойдзем, калі мы скінем тэрарыстычны рэжым, сьвет ад гэтага зробіцца ня толькі больш бясьпечным, але і больш свабодным. Вось ідэя, на якую не заўсёды рабіўся належны націск, але цяпер адміністрацыя шукае нейкіх пазытыўных вынікаў”.
Бэшам мяркуе, што параўноўваючы свае намаганьні з тым, што бальшыня амэрыканцаў лічыць цьвёрдай пазыцыяй Рэйгана ў дачыненьні да саветаў, Буш імкнецца аднавіць кантроль над сытуацыяй у сьвятле нэгатыўных паведамленьняў зь Іраку, а таксама дамагчыся падтрымкі выбарцаў.
Адзначаючы веру Буша ў тое, што па Блізкім Усходзе можа пракаціцца дэмакратычная рэвалюцыя, аналітык цьвердзіць, што выступ Буша быў удалым палітычным крокам:
(Бэшам: ) “Прэзыдэнт Буш хоча ўвайсьці ў год выбараў з пазытыўным пасланьнем, якое знойдзе водгук у людзей незалежна ад партыйнай прыналежнасьці. Ён хоча сказаць краіне: ‘Я маю сваё ўяўленьне аб сытуацыі. Вы можаце не пагаджацца зь ім цалкам, але я ведаю, куды я хачу весьці гэтую краіну. Я ведаю, як мае выглядаць нашая замежная палітыка. Я ведаю, якім я хачу бачыць сьвет у канцы дарогі. І калі вы мяне падтрымаеце, мы можам пасьпяхова рухацца да гэтай мэты.’”
Аднак, заклікаючы да дэмакратычных пераменаў на Блізкім Усходзе, прэзыдэнт Буш таксама прызнаў, што і на Злучаных Штатах ляжыць частка гістарычнай віны за сёньняшнюю адсутнасьць свабоды і прагрэсу ў рэгіёне:
(Буш: ) “Шэсьцьдзесят гадоў шуканьня краінамі Захаду выбачэньняў і апраўданьняў за адсутнасьць свабоды на Блізкім Усходзе аніяк не зрабілі нашае становішча больш бясьпечным, бо ў далёкай пэрспэктыве стабільнасьць нельга дасягнуць за кошт свабоды. Пакуль Блізкі Ўсход будзе заставацца месцам, дзе не квітнее свабода, ён будзе заставацца месцам гатовых на экспарт застою, крыўды і гвалту”.
Аднак Джордж Буш зазначыў, што на Блізкім Усходзе заўважаюцца тэндэнцыі, якія могуць прывесьці да будучыні, прасьветленай свабодаю.
Цьвердзячы, што дэмакратыя цалкам сумяшчальная зь ісьлямам, Буш згадаў пэўныя праявы прагрэсу ў кірунку да прадстаўнічай дэмакратыі ў Бахрэйне, Катары, Кувэйце і Ярданіі. Ён дадаў:
(Буш: ) “У Іране заўважаецца моцная і шырокая патрэба ў дэмакратыі. Як мы пабачылі ў мінулым месяцы, калі тысячы людзей выйшлі сустрэць ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Шырын Эбады, тэгеранскі рэжым мусіць узяць пад увагу дэмакратычныя патрабаваньні іранскага народу або страціць сваё апошняе права на легітымнасьць”.
Нягледзячы на новую ўвагу Буша да дэмакратыі і правоў чалавека на Блізкім Усходзе, некаторыя задаюцца пытаньнем – колькі даверу мае Вашынгтон у згаданым рэгіёне – якраз дзеля згаданай Бушам прычыны – шасьцідзесяці гадоў амэрыканскай падтрымкі недэмакратычных урадаў на Блізкім Усходзе, улучна з галоўнымі саюзьнікамі ЗША – Эгіптам і Савудаўскай Арабіяй.
Эгіпэт займае трэцяе месца паводле аб’ёму амэрыканскай замежнай дапамогі, і ў сувязі з гэтым некаторыя амэрыканскія камэнтатары пытаюцца, ці гатовы Буш надалей дапамагаць Каіру ды іншым аўтарытарным урадам, калі ён хоча пашыраць у рэгіёне дэмакратыю і правы чалавека.
Патрык Бэшам дадае, што ёсьць і яшчэ адна праблема на Блізкім Усходзе, дзе доўгія гады амэрыканскага ўмяшаньня спарадзілі ўяўленьне, што Вашынгтон, прыкрываючыся добрымі намерамі, проста ўмешваецца не ў свае справы:
(Бэшам: ) “Праблема якраз у тым, што адзіная ў сьвеце звышдзяржава заўсёды зьяўляецца там, дзе, паводле яе, нібыта трэба нешта паправіць. Рэакцыя на гэта заўсёды будзе, па-першае – ня лезьце ў нашыя справы, па-другое – хто вы такія, каб вучыць нас як мы мусім кіраваць у сваёй краіне?”