Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗЭЛЬВЕ — ПОМНІК ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Культурны дзеяч з Зэльвы Юры Качук гаворыць, што ўсталяваць помнік меліся сёньня. Аднак зь Менску затэлефанаваў Анатоль Белы і сказаў, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дылеўскі дамовіўся наконт крану, таму ўсё адбудзецца днём раней. Праўда, спадзяваньні аказаліся марныя. Юры Качук гаворыць, што Анатолю Беламу ўдалося знайсьці дэпутата.

(Качук: ) “Ён патэлефанаваў Дылеўскаму, Дылеўскі кажа: разьбяруся, будзе кран. Чакалі, мусіць, да гадзінаў трох-чатырох, а пакуль рабілі падушку. Крану так і не было, тады падышоў адзін моцны хлопец — сам як кран”.

Ставіць помнік давялося ўручную, хаця важыць ён тону.Гэта камень каля двух мэтраў вышыні зь бюстам паэткі. Аўтар — скульптар Міхась Інькоў, які сам паходзіць з Зэльвы. З прадстаўнікоў мясцовай улады ніхто не зьявіўся. Настаяцель царквы таксама адсутнічаў, ён у ад’езьдзе. Юры Качук гаворыць, што помнік яшчэ не закончаны, на камені мяркуюць выбіць імёны ахвярадаўцаў, побач — умацаваць мэталічныя кветніцы, дабраўпарадкаваць пляцоўку. Калі адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка Ларысе Геніюш каля зэльвенскай царквы на сёньняшні дзень невядома.

Ларыса Геніюш пасялілася ў Зэльве ў 1956 годзе, пасьля вызваленьня з ГУЛАГу. Яна адмовілася прыняць савецкае грамадзянства. Памёрла ў Зэльве 20 гадоў таму, застаючыся грамадзянкай Чэхаславаччыны, дзе яе разам з мужам арыштавалі ў 1948 годзе і вывезьлі ў СССР. Ларыса Геніюш дагэтуль не рэабілітаваная ўладамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG