Я апытаў каля 20 чалавек рознага веку і вось якія атрымаў адказы:
(Дзяўчына: ) “Я гэтае сьвята ня вельмі паважаю, таму што гэта ня нашае нацыянальнае сьвята. Гэта дзень рэвалюцыі, я так разумею, і да нашай Беларусі яно ня мае дачыненьня. Я не лічу гэта сьвята сьвятам нашай краіны. Таму мне ўсё роўна”.
(Спадар: ) “Толькі ўспаміны, відаць, пра дзяцінства й маладосьць. У мяне сёньня працоўны дзень”.
(Дзяўчына: ) “Я з маладога пакаленьня і лічу, што гэтага сьвята ня трэба адзначаць. Бо гэта ўжо не актуальна, і такое сьвята адзначаюць толькі людзі старэйшага пакаленьня”.
(Спадарыня: ) “Чырвоны дзень календара, пэўна ж для мяне сьвята”.
(Дзяўчына: ) “Для мяне 7 лістапада ўвогуле ня сьвята, і я не разумею, навошта яго зрабілі сьвяточным днём. Што тут згадваць, мне незразумела. Дома мы гэты дзень не адзначаем. Адзінае, сёньня сваякі прыехалі, дык вось купіла набор пірожных”.
(Спадар: ) “7 лістапада гэта дзень вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі. Ёсьць настальгія па былых часах, шукаем нейкія мерапрыемствы тут, а дзе яно адбудзецца — невядома. Гэта больш ужо як успамін, але ўсё роўна сьвята”.
(Дзяўчына: ) “Так, мы адзначаем гэта сьвята. У мяне прадзед быў удзельнікам. І мы ўсе разам адзначаем, гэта вельмі цудоўны дзень”.
(Спадар: ) “Цяпер практычна не адзначаем, звычайны дзень. Хаця раней гэта было сьвята, дэманстрацыі, а цяпер проста выходны дзень”.
(Пэнсіянэрка: ) “Так, пастаянна адзначаю, кожны год. Прыгадваюцца добрыя, прыгожыя дэманстрацыі, радасьць на тварах у людзей. Хацелася б і цяпер прайсьці па вуліцах, як мы хадзілі раней”.
(Спадар: ) “7 лістапада пачатак вельмі дрэннай гісторыі, якая яшчэ ня скончылася”.
(Карэспандэнт: ) “А ці адзначаеце вы гэты дзень?”
(Спадар: ) “Не”.
(Спадарыня: ) “Гэта ніколі не было для мяне сьвятам. Усё гэта было няправільна, і гэта даўно ўсім вядома”.
(Спадарыня: ) “Гэта мінулае ўжо. Я была ў камсамоле, тады гэта сьвята абавязкова адзначалі, на дэманстрацыі запрашалі. А цяпер гэтага няма. Можа, нейкая настальгія, што тады было весела. Ну, маладосьць, напэўна. Цяпер ужо іншае. Вось жа сёньня не адчуваецца ніякага сьвята. Мы са сваёй дзяўчынкай прыйшлі за пакупкамі. Вось і ўсё”.
(Хлопец і дзяўчына: ) “Не, не адзначаем. Ня вельмі значна для нашага пакаленьня. А для мяне як для студэнткі гэта сьвята, бо выходны дзень, і я магу адпачыць”.
(Спадар: ) “Бальшавіцкі пераварот адбыўся ў гэты дзень больш за 80 гадоў таму. І гэты пераварот прывёў да вельмі істотных нэгатыўных зьменаў — у тым ліку і ў Беларусі. Наша краіна была адкінутая на шмат гадоў, можа нават стагодзьдзяў назад. Было зьнішчана шмат людзей, была растаптаная культура. Камуністы ці бальшавікі, як іх называць, якія гэтую ідэалёгію прасоўваюць — гэта проста нейкае масавае вар’яцтва”.
Гэткія былі адказы менчукоў на пытаньне, ці ёсьць для іх сьвятам гадавіна кастрычніцкага перавароту ў Расеі.