Ідэя стварэньня клюбу “Рух” належыць старшыні Рагачоўсканга аб’яднаньня “Прадпрымальнік” Але Гурэвіч. Яна – прадпрымальніца, жанчына ініцыятыўная і нераўнадушная да гарадзкіх праблемаў.
У клюб увайшлі таксама грамадзкія арганізацыі “Рука дапамогі”, маладзёвае аб’яданьне “Час”, незарэгістраваная дэмакратычная суполка “Грамадзянскі выбар”. Таксама і паспалітыя грамадзяне не цураюцца супольнай працы. Зацікаўленьне выявіў дэпутат райсавету, сябра АГП Дзьмітры Шкулькоў.
Наагул, клюб ставіць на мэце аб’яднаць разам грамадзкія арганізацыі, прадпрымальніцкія структуры, прадстаўнікоў улады, каб разам вырашаць гарадзкія праблемы. Праект падтрыманы альянсам Counterpart.
Ала Гурэвіч распавяла мне, што яна падрыхтавала невялікую абвестку “Запрашаем да супрацоўніцтва” і аднесла яе ў мясцовую дзяржаўную газэту “Свабоднае слова”, але яе адмовіліся друкаваць.
Рух ужо пачаў сваю дзейнасьць. Супольна быў праведзены маніторынг гарадзкіх праблемаў, якія найбольш хвалююць жыхароў Рагачову. Як высьветлілася, перш за ўсё людзей турбуе беспрацоўе. І вось што характэрна, беспрацоўных у горадзе пакуль ня шмат, але вельмі многіх хвалюе тое, што ўсюды адбываюцца скарачэньні працоўных месцаў. І людзі ня ведаюць, дзе ім потым выпадзе шукаць працу.
На другім месцы ідуць маладзёвыя праблемы. Тут і вольны час, і схільнасьць многіх маладых да алькаголю, наркотыкаў. Спыніліся ўсе на неабходнасьці арганізацыі ў горадзе маладзёвага клюбу.
Таксама ўдзельнікі зьвярнулі ўвагу на адсутнасьць у райцэнтры сямейнага месца адпачынку. Есьць парк, але ў ім апрача асфальтавых дарожак, нічога няма: ні атракцыёнаў для дзяцей, ні добрай кавярні.
Людзям таксама асьцярагаюцца дрэннай якасьці пітной вады (у ёй шмат жалеза) і якасьць прадуктаў. Скардзіліся нават на хлеб, які выпякаецца ў горадзе. Наракаюць на ягоныя смакавыя якасьці, невялікі асартымэнт.
Агулам былі вызначаныя 8 найбольш важных праблемаў. 13 лістапада, як распавяла Ала Гурэвіч, будзе зробленая своеасаблівая грамадзкая экспэртыза гарадзкіх праблемаў і пасьля гэтага будуць гуртавацца сілы дзеля іх вырашэньня.