Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТУДЭНТЫ-ЗАМЕЖНІКІ ПАТРАБУЮЦЬ СПЫНІЦЬ ЗЛАЧЫННЫЯ ПРАЯВЫ КСЭНАФОБІІ

Любоў Лунёва, Менск

Нагодаю для стыхійнага мітынгу стала чарговае зьбіцьцё аднаго з замежных студэнтаў — гэтым разам зь Лібану. Студэнты (пераважна з арабскіх краінаў) патрабуюць спыніць злачынныя праявы ксэнафобіі. Яны абвінавачваюць міліцыянтаў, што тыя не рэагуюць на іх звароты ў міліцыю.

Кіраўнік Маскоўскага райаддзелу міліцыі Іван Мікуліч так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Мікуліч: ) “Зваротаў у Маскоўскі РУУС ад замежных студэнтаў мэдунівэрсытэту, якія пацярпелі ад хуліганаў, не было. Што тычыцца апошняга інцыдэнту, то гэты студэнт зьвярнуўся ў шпіталь толькі на другія суткі з чэрапна-мазгавой траўмай. У міліцыю ён не зьвяртаўся. Наш супрацоўнік яго шукаў пазаўчора і не знайшоў. А ўчора мы яго знайшлі і з уласнай нашай ініцыятывы ўзялі ў яго заяву. Мы праводзім праверку, і ў нас ёсьць пэрспэктыва ў пошуку злачынцаў. Я вас запэўніваю, што тэрыторыя, прылеглая да ўнівэрсытэту і інтэрнату, кантралюецца. Там ёсьць два нарады патрульна-паставой службы. Гэты раён у параўнаньні зь іншымі не вызначаецца злачыннасьцю”.

Спадар Мікуліч паведаміў, што міліцыянты маюць права спыняць на вуліцах іншаземцаў і патрабаваць у іх дакумэнты. Ён спаслаўся на тое, што яны нібыта даволі часта нагадваюць злачынцаў, на якіх абвешчаны крымінальны вышук. Студэнт, пра якога ідзе гаворка, абверг выказваньні кіраўніка міліцыі:

(Хасан: ) “Я спачатку быў у інстытуце, а потым мы паехалі ў шпіталь. Там мне зьмянілі павязку на галаве. У мяне чэрапна-мазгавая траўма. Няпраўда, я не хаваўся ад іх. Учора я ўбачыў міліцыянтаў у інтэрнаце, калі яны былі ў майго сябра на шостым паверсе, і напісаў ім заяву”.

Студэнты-арабы абвяргаюць словы міліцыянта. Яны кажуць, што не аднойчы зьвярталіся ў міліцыю:

(Раміль: ) “Мы заўсёды пісалі заявы, калі нападалі на студэнтаў гэтыя хуліганы. Мы таксама пісалі заявы ў дэканат і тэлефанавалі ў міліцыю. Яны заўсёды прыяЖджаюць не раней як празь дзьве-тры гадзіны пасьля выкліку. Гэта праўда, што яны прыехалі пазаўчора, але ня дзеля таго, каб прыняць заяву ад зьбітага студэнта. Папросту ў нас тут жыве міліцыянт. Ён убачыў хуліганаў, якія зьбіваюць нашых студэнтаў, і параіў нам выклікаць міліцыю. Тыя сьцямілі й кінуліся наўцёкі. Мы пабеглі за імі, каб затрымаць, пакуль прыедуць міліцыянты. Пад’ехалі міліцыянты, хуліганаў адпусьцілі, а нашага студэнта моцна зьбілі. Зламалі нос… Было шмат крыві… Калі мой сваяк цяпер скажа мне, што хоча прыехаць сюды вучыцца, то яму скажу праўду. Тут небясьпечна”.

Увечары адбылося супольнае паседжаньне рэктарату, міліцыі і замежных студэнтаў, падчас якога абмяркоўвалася гэтая сытуацыя.
XS
SM
MD
LG