У адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў ад 17 ліпеня 2003 году ў беларускімі пашпарце павялічаная колькасьць старонак для візаў з 18 да 23. Але пашпарт ня стане больш тоўсты, у ім іпроста паменее старонак для іншых адзнакаў.
Як паведаміла начальніца ўпраўленьня пашпартна-візавай службы Лідзія Іванчыкава, былі ўнесеныя зьмены й у правілы афармленьня дакумэнтаў на выезд за мяжу — яны тычацца тэрміну дзеяньня штампу пра дазвол на выезд. Яго цяпер можна афармляць на адзін, два, тры, чатыры ці пяць гадоў, тады як раней трэба было аплачваць адразу за пяць гадоў.
Летась Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў адмяніць у пашпарце штамп дазволу на выезд, але гэтае рашэньне набудзе моц толькі з 2006 году. Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці не плянуецца ўводзіць з гэтай нагоды замежных пашпартоў, Лідзія Іванчыкава зазначыла:
(Іванчыкава: ) “Пакуль пытаньне аб увядзеньні замежнага пашпарту закрытае. Палата прадстаўнікоў унесла на разгляд кіраўніка дзяржавы праект закону “Аб унясеньні зьменаў у закон аб парадку выезду і ўезду ў Беларусь”, які прадугледжваў увядзеньне замежнага пашпарту. Сёлета ў траўні прэзыдэнт прыняў рашэньне ўнесьці прапановы для вырашэньня гэтай праблемы пры ўмове існаваньня аднапашпартнай сыстэмы. У адпаведнасьці з рашэньнем Канстытуцыйнага суду, не пазьней за 31 сьнежня 2005 году павінна быць створаная такая сыстэма ўліку, якая дазволіць выкарыстоўваць пашпарт грамадзяніна Беларусі для выезду за мяжу без адпаведнага штампу. Канстытуцыйны суд прызнаў дапушчальным прастаўленьне гэтага штампу да гэтай даты”.
Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітры Маркушэўскі лічыць, што дзейны штамп пра дазвол на выезд ёсьць парушэньнем права чалавека на свабоднае перамяшчэньне:
(Маркушэўскі: ) “У міжнароднай практыцы (прыкладам, у Эўропе) зусім няма візаў, але нам да гэтага яшчэ імкнуцца трэба. Але ў іх ужо даўно няма такіх штампаў дазволу. Кожны чалавек мае дазвол, права свабодна перамяшчацца. А тое, што рашэньне Канстытуцыйнага суду выконваецца з адтэрміноўкай — гэта адтэрміноўка выкананьня нашых правоў”.
Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік пашпартна-візавай службы Аляксей Бягун таксама патлумачыў, якім чынам ў Беларусі арганізаваны кантроль за замежнымі грамадянамі. Існуюць тры рэжымы знаходжаньня замежнікаў — рэжым часовага знаходжаньня, калі ён абавязаны рэгістравацца ў міліцыі на тэрмін да 90 дзён; часовае пражываньне з дазволу органаў унутраных справаў тэрмінам на адзін год і рэжым сталага пражываньня, калі замежнік атрымлівае від на жыхарства. Сёлета зь Беларусі былі дэпартаваныя 1883 замежнікі, у тым ліку 759 чалавек — прымусовым чынам, пад канвоем.