Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ САВЕЦКАЯ АРХІТЭКТУРА ЗАЦІКАВІЛА ЭСПЭРТАЎ ЮНЭСКА


Валянціна Аксак, Менск

З усіх помнікаў беларускага дойлідзтва ў сьпіс усясьветнае культурнае спадчыны ўнесены пакуль што толькі адзін — славуты Мірскі замак. Але Беларусь спадзяецца пашырыць гэты сьпіс. А таму Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнае спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры склаў дэталёвую характарыстыку аб’ектаў, якія, на яго думку, могуць стаць кандыдатамі на ўключэньне ў сьпіс ЮНЭСКА.

У пералік уключаныя Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс, Полацкія Спаса-Праабражэнскі й Сафійскі саборы, Мікольская царква ў Магілёве, Камянецкая вежа, Берасьцейская крэпасьць, Гомельскі палацава-паркавы ансамбаль, Аўгустоўскі канал, Калоская царква. А калі экспэрты прыехалі агледзець прапанаваныя помнікі, у беларусаў узьнікла яшчэ адна прапанова — забудова сталічнага праспэкту імя Францішка Скарыны ад плошчы Незалежнасьці да вуліцы Казлова. Адзін з экспэртаў амэрыканец Пітэр Тот аказаўся спэцыялістам менавіта ў гэтым стылі.

Гаворыць намесьнік старшыні Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнае спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Ён нават нешта дзесьці чуў пра гэты праспэкт, бо ён хацеў яго паглядзець. Пры абмеркаваньні ў прынцыпе была выказаная такая думка, што ёсьць сэнс падрыхтаваць прапанову ўнесьці ў сьпіс вось гэтае паваеннае ансамблевае забудовы часткі праспэкту Скарыны. Нам ёсьць сэнс папрацаваць зь ім, бо ніхто ў сьвеце такіх аб’ектаў, як гэтая савецкая паваенная архітэктура, так званы нэаклясыцызм, яшчэ не даўмеўся прапанаваць”.

Дзеля таго, каб патрапіць у сьпіс усясьветнае культурнае спадчыны, помнік павінен быць аўтэнтычны, неперабудаваны і не падобны ні да якіх іншых, а краіна-прэтэндэнт мусіць давесьці экспэртам ягоную ўнікальнасьць. Здаецца, што з адным помнікам беларускаму боку гэта ўдалося. Гаворыць Ігар Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Гэта найперш нясьвіскія аб’екты: палац з абарончымі збудаваньнямі — як мы прывыклі яго называць, замкам — і касьцёл. Праўда, парк і горад астатні — гэта ўжо можа быць як бы буфэрная зона для асноўных аб’ектаў, бо такіх паркаў у сьвеце дастаткова, ён не складае нейкай выключнай унікальнасьці і не характарызуецца нейкімі празьмернымі рысамі. А будынкі рэзыдэнцыі роду Радзівілаў — палац і касьцёл з унікальнай крыптай, яны могуць быць уключаныя. І гэта першы аб’ект, на каторы пачало рыхтавацца дасье”.

На астатніх ёсьць прапановы зрабіць альбо дадатковае абгрунтаваньне, альбо прадстаўляць іх супольна зь іншаю краінаю, да прыкладу, Аўгустоўскі канал з Польшчаю. Агульным з гэтаю краінаю помнікам у сьпіс усясьветнае культурнае спадчыны ўжо занесеная Белавеская пушча. Дарэчы, Польшча прадстаўленая ў гэтым сьпісе каля дзясятка помнікаў, Расея — амаль двума дзясяткамі, Літва і Латвія ў ім — нароўні зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG