Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЭРЫ ЎНУТРАНАЙ СЛУЖБЫ З ГОРАЦКАЙ КАЛЁНІІ ЗЬЕХАЛІ ЗА МЯЖУ НА ЗАРОБКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Месяц таму зьявілася інфармацыія пра ўцёкі за мяжу чатырох афіцэраў унутранай службы Магілёўскай вобласьці, якія працавалі ў Горацкай выпраўленчай установе. Гэтыя зьвесткі былі пацьверджаныя афіцыйна. Папярэдне меркавалася, што афіцэры зьехалі ў Вялікабрытанію.

Расьсьледаваньне, якое праводзіла ўправа ўласнай бясьпекі, пацьвердзіла, што супрацоўнікі Горацкай калёніі сапраўды зьехалі за мяжу, аднак у іншыя краіны. Кіраўнік прэсавага цэнтру абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў Раман Посахаў паведаміў, што адзін з чатырох уцекачоў зьехаў у Ірляндыю, а трое — на Кіпар. Раман Посахаў асобна падкрэсьліў, што афіцэры пакінулі краіну не з палітычных прычынаў, а з эканамічных. Яны зьехалі, каб палепшыць уласны дабрабыт.

Рапарты аб звальненьні з органаў былі знойдзеныя ў службовых сэйфах уцекачоў. З расьсьледаваньня вынікае, паведамілі ў прэсавым цэнтры, што гэтых рапартаў афіцэры не падалі непасрэдна начальству з прычыны недахопу часу на разбор і адпрацоўку пасьля звальненьня. Візы і адзнакі дазволу на выезд за межы Беларусі былі ў парадку, з гэтага боку перашкодаў не існавала, і ехаць, відаць, трэба было хутка.

Карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ўцекачы звольненыя з працы за прагулы ў адпаведнасьці з Працоўным кодэксам. У сувязі з тым, што маладыя афіцэры, якія некалькі гадоў таму скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў, ня выканалі сваіх пяцігадовых кантрактаў на адпрацоўку, зь іх будуць спагнаныя грошы за навучаньне ў судовым парадку.

У Магілёўскім абласным упраўленьні ўнутраных справаў лічаць, што былыя супрацоўнікі Горацкай калёніі рана ці позна вернуцца з заробкаў, бо яны — грамадзяне Беларусі, таму сродкі, якія былі выдаткаваныя на навучаньне афіцэраў у Акадэміі, будуць зь іх спагнаныя. У саміх Горках інцыдэнт з уцекачамі не выклікаў вялікага грамадзкага розгаласу. Паводле словаў рэдактара недзяржаўнай газэты “Рэгіянальныя ведамасьці” Эдуарда Брокарава, так склалася, што шмат жыхароў раённага цэнтру шукаюць працу ў іншых краінах, і часьцей за ўсё ў Ірляндыі. Хаця першы раз здарылася так, што афіцэры ўнутранай службы кінулі ўсё і зьехалі на заробкі за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG