Стаўленьнем да працы беларускай міліцыі я пацікавіўся ў некалькіх дзясяткаў чалавек. І вось якія найбольш характэрныя адказы атрымаў:
(Спадар: ) “Пытаньне дастаткова складанае, ёсьць розныя варыянты адказу. Часам МУС абараняе і простых грамадзянаў. Але ў выпадку палітычнай сытуацыі можа абараняць і ўлады. Адназначна адказаць нельга. Тым больш, што ў міліцыі ёсьць розныя структуры. Скажам, крымінальная міліцыя, якая займаецца сваёй справай. Ёсьць розныя спэцназы, якія менш за ўсё патрэбныя для аховы грамадзкага парадку. Таму адназначны адказ наўрад ці хто вам дасьць”.
(Хлопец: ) “Відаць, нашыя інтарэсы”.
(Дзяўчына: ) “Ну, відаць, нашыя інтарэсы, але яна не заўсёды бывае справядлівая”.
(Спадар: ) “Бароніць існы рэжым. Я не адчуваю на сабе яе абарончае ўзьдзеяньне і больш бачу дрэннага, што робіць міліцыя. Але ні ў якім разе не адчуваю, што яна бароніць мяне”.
(Спадар: ) “Па-мойму, бароніць толькі ўладу й прэзыдэнта — больш нікога. Зьвяртацца да іх бессэнсоўна”.
(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю, народу яна дакладна не ахоўвае. Я, напрыклад, баюся стаяць увечары на прыпынку. Калі патрэбна, іх мала ў патрэбным месцы”.
(Пэнсіянэр: ) “Інтарэсы беларускага народу, я так лічу. А каго ёй ахоўваць? Калі Беларусь, значыць бароніць інтарэсы беларускага народу”.
(Хлопец: ) “Лічу, што міліцыя бароніць інтарэсы грамадзянаў нашай краіны”.
(Дзяўчына: ) “Я гэтак жа лічу”.
(Спадарыня: ) “Відаць, насельніцтва Беларусі. Міліцыя для гэтага й створаная”.
(Спадарыня: ) “Павінна ахоўваць нашыя інтарэсы, а чые насамрэч — відаць, вядома толькі ім самім”.
(Кабета: ) “Ня ведаю, у мяне самой муж у міліцыі. Гледзячы па ягонай працы, яны больш паперы пішуць, чым кагосьці бароняць”.
(Дзяўчына: ) “Яны стараюцца для нас, для нашай краіны й для людзей”.
(Дзяўчына: ) “Беларуская міліцыя перш за ўсё бароніць свае правы. Я не кажу за ўсю міліцыю, але ў грамадзтве пануе думка, што большасьць міліцыянтаў ахоўвае свае правы”.
(Хлопец: ) “Усіх людзей. Я часам бачу, як яны вядуць такіх лысых адмарозкаў, і думаю, што робяць вельмі добра”.
(Спадар: ) “Інтарэсы Лукашэнкі. Вельмі вялікія правы ён ім даў”.
(Дзяўчына: ) “На маю думку, яны павінны абараняць народ. А насамрэч яны абараняюць ня толькі народ, але й свае інтарэсы”.
(Хлопец: ) “Таксама так лічу, бо міліцыя ня вельмі любіць моладзь”.
Гэткія меркаваньні мінакоў адносна таго, чые інтарэсы абараняе беларуская міліцыя.