“Віцебскі пралетары”, 1933 год:
“Высока над сталіцай БССР узьняўся Дом урада, які займае амаль цэлы квартал і мае 43 тысячы квадратных мэтраў плошчы, 12 ліфтаў, 600 пакояў, шмат заляў. Асабліва вылучаецца цэнтральная заля зьездаў на тысячу месц. Гэтая заля радыофікуецца і ўпрыгожана гербамі ўсіх совецкіх рэспублік, зробленымі ў Ленінградзкай акадэміі мастацтваў. Перад Домам ўрада — вялікі помнік Леніну. Дом урада ў сярэдзіне ўпрыгожваецца партрэтамі правадыроў, бюстамі Маркса, Энгельса, Бабефа, Чарнышэўскага, Лібкнехта, Мясьнікова, Дзяржынскага і Фрунзе. У залях пасяджэньняў вялікая панарама ўзяцьця Зімняга палаца, прыезд Леніна ў Расію і Сталін на фоне соцбудаўніцтва. 7 лістапада адбудзецца ўрачыстае адчыненьне Дома ўрада”.
“ЛіМ”, 1953 год. Пра Цэнтральную плошчу ў Менску напярэдадні камуністычнага сьвята:
“Заўтра па ёй пройдзе шматтысячная дэманстрацыя працоўных. Як заўсёды, першымі ля ўрадавай трыбуны пройдуць лепшыя людзі сталіцы, як заўсёды, сьцягі панясуць праслаўленыя наватары вытворчасьці, заслужаныя людзі совецкага грамадзтва. Мастакі Беларусі зь любоўю ўпрыгожылі Цэнтральную плошчу. Прыцягваюць увагу партрэты вялікіх правадыроў Кастрычніцкай рэвалюцыі Владзіміра Ільіча Леніна і Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна і кіраўнікоў Комуністычнай партыі і Совецкага ўрада. Над партрэтамі транспарант: “Комуністычная партыя — кіруючая і накіроўваючая сіла совецкага народа ў барацьбе за комунізм”.
“Советская Белоруссия”, 1993 год. К.Севярынец распавядае цікавы факт:
“Аказваецца, яшчэ ў XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі існавала незалежная карлікавая рэспубліка. Сувэрэнітэт быў абвешчаны ў межах аднаго асобна ўзятага маёнтка ва ўладаньнях рэфэрэдара Вялікага Княства Літоўскага Паўла Ксаверыя Бжэстоўскага. На аснове дзейнай у княстве канстытуцыі ў 1767 годзе ён сам сябе прызначыў прэзыдэнтам новага дзяржаўнага ўтварэньня, наладзіў выбары ў дзьвюхпалатны сэйм, стварыў уласную маленькую армію. Рашэньнем парлямэнту сяляне вызваляліся ад паншчыны і атрымлівалі вольную, усе пытаньні рэспубліканскага жыцьця вырашаліся большасьцю галасоў. У міні-дзяржаве працавалі школа, бальніца, банк, хадзіла ўласная грашовая адзінка, мелася свая дзяржаўная сымболіка. “Цацачная” дзяржава пратрымалася больш за паўстагодзьдзя і ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Паўлаўская рэспубліка”.