Міністэрства абароны да 2006 году павінна закончыць скарачэньне асабовага складу ўзброеных сілаў да 65 тысяч чалавек. Камітэт дзяржбясьпекі значна скарачаць не плянуецца. Найбольш нараканьняў у А.Лукашэнкі выклікае Міністэрства ўнутраных справаў, структуру якога ён назваў празьмерна грувасткай і малаэфэктыўнай. Ужо да канца гэтага месяца павінна быць распрацаваная новая арганізацыйна-штатная структура беларускай міліцыі.
Сутнасьць такіх пераўтварэньняў перш за ўсё ў скарачэньнях, галоўная прычына якіх — незайздросны стан беларускай эканомікі.
(Лукашэнка: ) “І мы ня можам сёньня сабе пры такім стане эканомікі дазволіць залішнюю колькасьць ці занадта грувасткія структуры кіраваньня органаў улады, якія цяжкім грузам кладуцца на дзяржаўны бюджэт”.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “найбольш беспарадку ў структуры МУС”, толькі ў цэнтральным кіраўнічым апараце міністэрства працуе каля 1000 чалавек. Цэнтральны апарат будзе скарочаны, пэўныя структуры будуць цалкам скасаваныя, заявіў А.Лукашэнка. Паводле яго, МУС выконвае шмат дубляваных функцыяў, і вельмі часта — неэфэктыўна. У якасьці нэгатыўнага прыкладу быў названы рост бандытызму на трасе Менск–Масква, і тое, што міліцыя ніяк ня можа спыніць зьбіцьця невядомымі хуліганамі замежных студэнтаў, якія плацяць вялікія грошы за навучаньне ў Беларусі.
Міліцыі цяпер у Беларусі сапраўды вельмі шмат, прыблізна ўдвая больш, чым вайскоўцаў, каля 150 тысяч, — кажа адстаўны генэрал МУС Мечыслаў Грыб. І такая сытуацыя была створаная непасрэдна А.Лукашэнкам.
(Грыб: ) “Занадта шмат, у кожнай службе, куды ні кінь вока. Наогул, калі параўноўваць зь іншымі краінамі, нашымі суседзямі: палякамі, літоўцамі, латышамі, то ў нас у некалькі разоў большая гэтая колькасьць — на сто тысяч жыхароў калі браць. Ніколі ў гісторыі ў Беларусі не было такой колькасьці міліцыі, я вам кажу, ніколі”.
Мечыслаў Грыб перакананы, што цяперашнія крокі А.Лукашэнкі маюць і пэўны папулісцкі характар, паколькі насельніцтва Беларусі не задаволенае дзейнасьцю міліцыі, ростам злачыннасьці.
(Грыб: ) “Людзі заўсёды былі не задаволеныя міліцыяй. Яна не людзям служыць, а служыць кіраўнікам дзяржавы, прадстаўнікам улады. Каб міліцыя служыла людзям, то і аўтарытэт у міліцыі быў бы іншы”.
Спадар Грыб мяркуе, што эфэктыўна міліцыя працуе хіба на разгоне не дазволеных уладамі дэманстрацыяў ды пікетаў, на гэта знаходзяцца і грошы, і сілы.