Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАТРЫЦА” Ў БЕЛАРУСКІМ КАНТЭКСЬЦЕ

Ганна Соусь, Менск

5 лістапада практычна ў адзін і той жа час у больш як 50 краінах сьвету дэманструецца трэцяя частка фантастычнага баевіка “Матрыца. Рэвалюцыя”. Жыхары Лос-Анджэлесу паглядзяць заключную частку трылёгіі а 6-й раніцы, лёнданцы — а 14-й гадзіне, масквічы — а 17-й гадзіне. Атрымалася так, што беларусы пабачылі “Матрыцу” першымі ў сьвеце — сёньня ў 13.30 у менскіх кінатэатрах “Масква” і “Берасьце”.

За гадзіну да прэм’еры ў касе кінатэатру “Масква” яшчэ хапала квіткоў на “Матрыцу-3”. Я запыталася ў тых, хто сёньня ішоў на прэм’еру: чаго яны чакаюць ад новага фільму?

(Дзяўчынка: ) “Я глядзела першыя дзьве часткі, гэта адзін з самых прагрэсіўных фільмаў. Чаго чакаю ад яго?.. Нечага грандыёзнага”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, што трэцяя частка будзе лепшая за папярэднюю. Фільм глядзяць ва ўсім сьвеце, і мы таксама хочам паглядзець”.

(Карэспандэнтка: ) “А ведаеце, што першымі будзеце яго глядзець?”

(Дзяўчына: ) “Ведаем, разам з усім сьветам”.

(Хлопец: ) “Па-першае, добрая якасьць фільму, спэцэфэктаў шмат, і я прыйшоў паглядзець, чым усё скончыцца. Галоўнае, што ў добрым кінатэатры, і ў сыстэме “долбі”.

(Спадар: ) “Гэта загад “Warner Brothеrs”, каб ва ўсіх краінах у адзін і той жа час стартавала “Матрыца”. Я лічу, што Беларусь наперадзе ўсяго сьвету”.

(Спадарыня: ) “Каб разам з усімі паглядзець. У першую чаргу”.

(Хлопец: ) “Вельмі добры фантастычны трылер. Там паказана, што яны будуць змагацца за сваю зямлю. Хочуць зрабіць, каб не было вайны”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым “Матрыца” падабаецца?”

(Дзяўчынка: ) “Таму што б’юцца там”.

Адметна, што першыя гледачы “Матрыцы-3” — збольшага падлеткі. Чым так адметная гэтая фантастычная трылёгія, і чым выкліканы такі ажыятаж вакол прэм’еры трэцяй “Матрыцы”? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да кінааналітыка і філёзафа Максіма Жбанкова.

(Жбанкоў: ) “Гэта перадусім традыцыйны рэклямны ход. Адначасова ва ўсім сьвеце. Апошнія гады тэрміны выхаду чарговых галівудзкіх блёкбастэраў на беларускія экраны ўсё менш адрозьніваліся ад традыцыйных тэрмінаў выхаду на экраны ўсяго сьвету. І “Матрыца” тут натуральна гэтак настойліва прабіваецца на першы плян. Перадусім “Матрыца” — гэта кінапраект, і кожная наступная частка гэтага кінасэрыялу адметна адрозьніваецца ад папярэдняй. Калі першая “Матрыца” — гэта быў кароткі курс, уводзіны ў кібэрпанк для пачаткоўцаў, то другая, тым больш трэцяя частка — гэта абсалютная эксплюатацыя першай часткі. Там ужо ніякай містычнай філязофіі, гэта проста шэрагі прывабна зробленых кампутарных боек”.

Кінааналітык і філёзаф Максім Жбанкоў лічыць, што праект “Матрыцы” ў беларускім кантэксце мае свае асаблівыя рысы:

(Жбанкоў: ) “Базавая ідэя “Матрыцы-1” будавалася на параўнаньні дзьвюх параленьна існоўных рэчаіснасьцяў. Першая зь іх, нібыта адзіная магчымая, на справе зьяўлялася татальнай маной. Другая — сапраўдная чалавечая, патрабавала сапраўднага змаганьня дзеля таго, каб да яе дайсьці. Такім чынам галоўная ідэя першай “Матрыцы” была арыентаваная на спробы разблякаваньня ўласнай сьвядомасьці. Гэта для беларускага кантэксту абсалютна актуальна, таму што мы на самой справе абсалютна існуем у віртуальнай “савецкай Беларусі”, якая большасьці з нас здаецца адзінай магчымай. Трэба сапраўды разблякаваць уласную сьвядомасьць, каб зразумець, што ёсьць альтэрнатывы і што ёсьць сапраўдная Беларусь, да якой яшчэ трэба дайсьці”.
XS
SM
MD
LG