Прэзэнтацыя зладжаная пры дапамозе Польскага Інстытуту 5 лістапада ў Беларускай акадэміі мастацтваў у рамках фэстывалю “Восень з польскай культурай”.
Мой суразмоўца Мацей Дрыгас — вядомы польскі кіна- і радыёдакумэнталіст. “Голас надзеі” — апошні фільм рэжысэра. Стужка атрымала вялікі розгалас у Францыі, Чэхіі, іншых краінах, і, вядома ў самой Польшчы.
(Дрыгас: ) “Усе запісы праграмаў “Вольнае Эўропы” былі студыйнай якасьці. Я слухаў стужкі і адчуваў пэўны недахоп, бо мы прызвычаіліся, што “Вольная Эўропа” глушылася. Слуханьне радыё было цяжкай працай: трэба было ставіць дадатковую антэну, хадзіць па пакоі, каб знайсьці найлепшы прыём ды іншае. Каб запісы ў фільме гучалі максымальна праўдзіва, мы з гукарэжысэрам імітавалі глушэньне. На прэм’еру фільму прыйшло вельмі шмат людзей, зь іх вельмі шмат маладых. І на маё зьдзіўленьне, маладыя ўспрынялі фільм вельмі эмацыйна, хаця той камунізм іх не зачапіў.
Гэты фільм хадзіў ужо па сьвеце. Рабіўся пры ўдзеле французаў. Мяне ўразіла, як эмацыйна рэагавала публіка на прэм’еры ў Парыжы. Хаця французы, відавочна, не маглі ведаць і разумець усіх нюансаў жыцьця пры камуністах. Мне хацелася так скласьці ўсю тую гісторыю, у такую прыпавесьць пра тое, што праўды не заб’еш, што яе не заглушыш. Што яна ў пэўны момант і так вылезе”.
(Карэспандэнт: ) “У вашым фільме няма сытуацыі, калі Польшча вызвалілася нарэшце ад камуністычнай сыстэмы. Няма галасоў “Вольнае Эўропы”, якая абвяшчае пра вызваленьне ў 1989 годзе. Чаму так?”
(Дрыгас: ) “Не хацеў гэты фільм рабіць зь якойсьці публіцыстычнай тэзай. Час вызваленьня цалкам мэтафарызуецца ў фінальнай сцэне. У моманце, калі падаюць радыёмачты. Абсалютна ня бачыў нічога лепшага”.
(Карэспандэнт: ) “Што значыць для вас цяперашні прыезд у Беларусь?”
(Дрыгас: ) “Я вельмі люблю прыяжджаць са сваімі фільмамі на абшар былога Савецкага Саюзу. Так склалася гісторыя нашага краю, што мы маем вельмі эмацыйнае стаўленьне да ўсіх тых, хто змагаецца за волю. Нават з тымі, з кім ня маем шчыльнага кантакту, але якія падаюць сыгналы, што ян ынявольныя. Напрыклад, падзеі ў Чачэніі палякі ўспрымаюць вельмі блізка. Як у драматычны для Польшчы час 1980-х гадоў вельмі шмат людзей з усяго сьвету нам дапамагала, то як народ мы адчуваем доўг удзячнасьці. І наколькі гэта атрымліваецца — дапамагаць іншым. Беларуская дэмакратыя заўсёды знойдзе сярод палякаў сваіх братоў”.