Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ ЎТВОРАНЫ “НОВЫ МАРТЫРАЛЁГ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Пачаткам ініцыятывы “Новы Магілёўскі Мартыралёг” стала мэмарыяльная вечарына памяці вядомага польскага праваабаронцы Марэка Навіцкага, які памёр каля месяца таму. Прэзыдэнт Хэльсынскай фундацыі правоў чалавека ў Польшчы ніколі ня быў у Магілёве, аднак грамадзкія актывісты рэгіёну лічаць яго не чужым чалавекам. Распавядае Сымон Глазштэйн:

(Глазштэйн: ) “Марэк Навіцкі дапамог беларусам рабіць тое, што калісьці рабіў ён са сваімі калегамі ў Польшчы — змагацца за правы чалавека, за годнасьць, за дэмакратыю. Ён выхоўваў тых, з кім мы потым працавалі разам”.

Марэк Навіцкі вучыў і Сяргея Абадоўскага, кіраўніка Магілёўскага праваабарончага цэнтру, які памёр сёлета. Яго імя таксама ўвайшло ў сумны сьпіс “Новага Магілёўскага Мартыралёгу”. Гаворыць кіраўнік аб’яднаньня “Кола сяброў” Алесь Асіпцоў:

(Асіпцоў: ) “За апошні час у Магілёве памерла дзесьці 10 асобаў, якія сваёй значнасьцю, сваёй уплывовасьцю фармавалі тое, што называецца грамадзкай супольнасьцю. І так сталася, што руцінная праца замінала асэнсаваць тую значную ролю, якую адыгрывалі гэтыя людзі для Магілёва, для рэгіёну, для краіны”.

У “Новым Мартыралёгу” — дзевяць імёнаў магілёўскіх дэмакратаў і праваабаронцаў, якія не дажылі да нашых дзён, іх выявы і кароткія расповеды пра жыцьцё і дзейнасьць. Валер Шатроў, Тамара Раманькова, Натальля Рослава, Аляксандар Александровіч ды іншыя.

Так сталася, што многія зь іх апошнія гады свайго жыцьця не займаліся актыўнай дзейнасьцю, вэтэраны адраджэнскага руху паміралі ў грамадзкім забыцьці. Ініцыятыры праекту вырашылі нагадаць людзям, што індывідуальнасьць кожнага чалавека ўзбагачае грамадзтва, і трэба ставіцца да яе ашчадна. У гэтым галоўная ідэя “Новага Магілёўскага Мартыралёгу”, гаворыць Сымон Глазштэйн.

(Глазштэйн: ) “Дай Бог, каб як мага менш старонак было ў ім занята, але мы не мусім забываць на тых, справамі, учынкамі й мужнасьцю якіх мы сёньня жывыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG