Сёньня Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква ўшаноўвае звышгоднага Елісея Лаўрышаўскага. У царкоўным спавешчаньні гаворыцца, што Елісей, сын князя Траняты, быў высокім урадаўцам пры князі Міндоўгу. Прыняўшы хрысьціянства, ён заснаваў знакаміты Лаўрышаўскі манастыр. У 1514 годзе на саборы ў Вільні Елісей быў кананізаваны мітрапалітам Язэпам Солтанам. А ў 1996 годзе ў вёсцы Лаўрышава Наваградзкага раёну яму паставілі помнік.
5 лістапада 1794 году расейскія войскі пад кіраўніцтвам Аляксандра Суворава бяруць штурмам Варшаву і ўчыняюць там расправу над паўстанцамі. Такім чынам вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, якое адбывалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, было канчаткова зьнішчанае. На знак падзякі за гэта Сувораў атрымаў ад імпэратрыцы Кацярыны ІІ Кобрынскую воласьць ды іншыя беларускія землі, а яшчэ – больш за 13 тысяч душ прыгонных сялян.
Сёлета ў лістападзе спаўняецца 80 гадоў літаратурнаму аб'яднаньню «Маладняк». Гэта было першае пісьменьніцкае аб'яднаньне ў савецкай Беларусі, якое бачыла за мэту спалучыць матывы сацыялістычнага будаўніцтва з ідэаламі нацыянальнага адраджэньня. Такая ідэя вельмі хутка набыла папулярнасьць, па ўсёй Беларусі ствараліся філіі «Маладняка», у якія ўступалі многія маладыя творцы. Аднак ужо празь пяць гадоў высьветлілася, што мэта аб'яднаньня – утапічная. «Маладняк» быў расфармаваны, а ягоныя арганізатары – або расстраляныя, або сасланыя на катаргу ў ГУЛАГ.
Сёньня спаўняецца 50 гадоў з дня расстрэлу савецкімі карнымі ворганамі Янкі Філістовіча – беларускага адраджэнца, змагара за незалежнасьць Беларусі. Апынуўшыся пасьля вайны ў Францыі, Філістовіч паступіў на гістарычны факультэт Сарбонскага ўнівэрсытэту, браў чынны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці. Аднак у 1951 годзе вырашыў вярнуцца на радзіму. З парашутам ён спусьціўся каля Маладэчна, стварыў тут партызанскую групу, якая дзейнічала год. Урэшце Філістовіч быў схоплены. 5 лістапада 1953 году вайсковы трыбунал прысудзіў яго да сьмерці і прысуд быў адразу выкананы.
5 лістапада 1907 году ў Нясьвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка, адзін зь лідэраў Беларускай Незалежніцкай Партыі, што дзейнічала пад нямецкай акупацыяй, кіраўнік беларускага падпольнага супраціву ў другой палове 1940-х – пачатку 50-х гадоў.