Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВЕТЛАГОРСКУ ЗАГАДАЛІ СПЫНІЦЬ ПРОДАЖ НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ Ў КРАМАХ

Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Недзяржаўную газэту “Регион-вести” ў вясковых крамах Сьветлагорскага раёну пачалі прадаваць напачатку верасьня. Паводле дамовы рэдакцыі і раённага спажывецкага таварыства завозілі яе прыкладна ў тры дзясяткі крамаў, па сутнасьці ў кожную другую з 60 наяўных. Аднак старшыня спажывецкага таварыства Тамара Кандрашова нечакана адмовілася ад продажу газэты ва ўсіх крамах.

Распявядае рэдактар недзяржаўнай газэты “Регион-вести” Мікалай Паседзька:

(Паседзька: ) “Калі мы зьвярнуліся да Кандрашовай па тлумачэньні наконт скасаваньня дамовы, яна адказала, што газэта для сельскіх жыхароў вельмі дарагая, хаця кошт газэты складаў усяго толькі 300 рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “А што на самай справе адбылося?”

(Паседзька: ) “На самай справе адбылося наступнае. У адну з крамаў вёскі Чыркавічы выпадкова заглянуў старшыня Сьветлагорскага райвыканкаму Баляслаў Пірштук і ўбачыў нашую газэту. Ён быў вельмі раздражнёны, што незалежная газэта прадаецца менавіта ў крамах сельскай мясцовасьці. Дарэчы, гэта была адзіная газэта, якая там прадавалася. Ён тут жа выклікаў да сябе Тамару Кандрашову і загадаў прыбраць газэту з прылаўкаў. Дамову скасавалі ўмомант. Такім чынам мы страцілі ў раёне 600 асобнікаў”.

Высьветліць, якімі менавіта публікацыямі быў ня задаволены галоўны кіраўнік раёну, не ўдалося. У райвыканкаме сказалі, што цяпер спадар Пірштук знаходзіцца ў адпачынку.

Сытуацыю з продажам газэты “Регион-вести” патлумачыла намесьніца старшыні спажывецкага таварыства ў пытаннях гандлю Раіса Матычка:

(Матычка: ) “Нам забаранілі прадаваць газэту. “Агні камунізму” раілі прадаваць, “Советскую Белоруссию”, “Гомельскую праўду”. Такія газеты трэба прадаваць, але толькі не “Регион-вести”. Сказалі, што гэтая газэта ня падыходзіць для жыхароў раёну”.

Праблемы ў незалежай газэты ўзьніклі апошнім часам ня толькі з продажам ў крамах. Яе адмовіліся друкаваць у дзяржаўных паліграфічных прадпрыемствах Сьветлагорску, Рэчыцы, Мазыра, Жлобіну і Бабруйска.
Цяпер рэдакцыя вымушаная друкаваць газэту ў менскім выдавецтве “Сьветач”.
XS
SM
MD
LG