Спяваючы “Магутны Божа”, калёна людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі рухалася ад палацу культуры камвольнага камбінату да Лошыцкага Яру – месца, дзе ў 1930-ыя і 1940-ыя гады карнікі НКВД расстрэльвалі бязьвінных людзей.
Многія кіроўцы праяжджаючых побач аўтамабіляў сыгналілі дэманстрантам на знак салідарнасьці. Ля памятнага крыжа ў Лошыцкім Яры актывісты КХП БНФ усклалі кветкі й запалілі сьвечкі. Жалобны мітынг распачаў кіраўнік Сьвіслацкай раённай рады КХП БНФ Анатоль Лагутаў.
(Лагутаў: ) “Кожны год мы наведваем гэта сьвятое для кожнага беларуса месца, каб захаваць у памяці тыя пачварныя часы, якія былі ў Беларусі ў тыя шалёныя гады расейска-бальшавіцкага тэрору. На жаль, гістарычныя паралелі можна правесьці й зь сёньняшнім днём. Дзяржаўнага сьвята Дзядоў фактычна няма, яго не адзначае сёньняшні рэжым. Улады ня каюцца за тыя страшэнныя падзеі, які адбываліся.”
Адметна, што ў часе выступу Анатоля Лагутава былі чутныя гукі з гаражоў, якія былі пабудавалі якраз на месцы расстрэлаў. Жалобны мітынг працягнуў намесьнік кіраўніка КХП БНФ Сяргей Папкоў.
(Папкоў: ) “Сёньня таксама гінуць у нас у Беларусі людзі. Нам паставілі, запусьцілі пад Ганцавічамі станцыю, якая сёньня нішчыць здароўе людзей з усёй заходняй Беларусі. Мацнейшае выпраменьваньне, якое ўплывае на здароўе людзей, нішчыць прыроду кожны дзень. І ўсё гэта, і нашая памяць пра нашых Дзядоў гаворыць, што нам трэба змагацца далей.”
Актывіст КХП БНФ Мікола Капарыха прыгадаў падзеі 21 студзеня 2001 году, калі актывісты партыі рамантавалі ў Лошыцы памятны крыж, што паламалі невядомыя вандалы.
(Капарыха: ) “Нас асабліва моцна ўразіла тое, што праз тры хвіліны нашай працы вось з таго кірунку над намі праляцеў клін лебядзей – 10 лебядзей усярод зімы. І вось сонца сьвеціць, сьнегу па калена, і толькі гудзіць паветра ад магутных узмахаў лебядзіных крылаў. Амаль тры гады прайшло з таго дня, але я практычна кожны дзень не магу забыцца на гэтае такое хвалюючае ўражаньне”.
Працягвае актывіст КХП БНФ выкладчык Анатоль Крыварот.
(Крыварот: ) “І калі мы будзем узгадваць нашых Дзядоў, кожны з нас мусіць падумаць, а што ён сёньня робіць для Беларусі, для адраджэньня нашай краіны, для абароны яе незалежнасьці, яе сувэрэнітэту, для ўжываньня беларускай мовы? Гэта сёньня галоўнае, што можа згуртаваць беларусаў і даць ім будучыню. Сёньня і заўтра па ўсёй нашай краіне сотні тысячаў беларусаў будуць ушаноўваць сваіх продкаў. І пакуль будзе жыць памяць пра нашых Дзядоў, будзе жыць Беларусь! Жыве Беларусь!”
(Галасы: ) “Жыве!”
Анатоль Крыварот заклікаў усіх удзельнікаў жалобнага мітынгу заўтра прайсьці шэсьцем на Курапаты й там на месцы расстрэлаў ушанаваць памяць усіх ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Беларусі.