Удзельнічае: літаратуразнаўца Пятро Васючэнка
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Архаічныя беларусы верылі ў тое, што нябожчыкі могуць вярнуцца, прыйсьці да жывых, і тады будуць самыя нечаканыя наступствы. Але вось гэтае міталягічнае ўсьведамленьне мела, здаецца, і гістарычны працяг. Так, самая ўражлівая гісторыя нашэсьця мерцьвякоў на Полацак у 1092 годзе апісаная ў “Аповесьці мінулых гадоў”.
(Пятро Васючэнка: ) “У Полацку, як мы распавядалі ў мінулым выпуску, у начы чулася конскае гігіканьне, тупат, і нейкія незнаёмыя вершнікі езьдзілі па вуліцах гораду. І гора было таму, хто выглядаў з акна харомінаў — цёмны вершнік рабіў укол, і чалавек захворваў на язву (на паморак альбо чуму). Ня лепш было і ўдзень. І сьведчаньні пра паход мерцьвякоў на Полацак паўтараюцца ў цэлым шэрагу гістарычных крыніцаў”.
(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка. Спадар Васючэнка, нябожчыкі нябачныя — яны здані, бачныя толькі іх коні. Нестар кажа: “Паўсталі наўцы, Полацак апанавала наўё”. Патлумачце, хто такія наўцы”.
(Васючэнка: ) “Па тлумачэньні трэба зьвярнуцца да Вацлава Ластоўскага, таксама крывіча, у нейкім сэнсе і палачаніна. Ластоўскі ў ХХ стагодзьдзі ў сваім расійска-крыўскім слоўніку, тлумачачы расейскае слова “покойник”, пераклаў яго як “навец”, і патлумачыў, што навец — “сьвежы” нябожчык, які памёр ня так даўно, і душа якога яшчэ не пасьпела разьвітацца са сваім целам. Такі нябожчык можа “апрануцца” ў сваё цела і блукаць у выглядзе вупыра, які высысае кроў. Ластоўскі адрозьнівае наўца ад мерцьвяка, цела якога ўжо распалася, і які ўжо ня можа вярнуцца да жывых інакш, як здань альбо прывід. Мяркую, што Полацак апанавалі менавіта апісаныя Ластоўскім “сьвежыя” нябожчыкі — наўцы. І гэта выглядала як свайго роду замбаваньне трупаў нябожчыкаў нейкімі іншымі істотамі”.
(Ракіцкі: ) “Наўцы — гэта тыя ж зомбі? І зомбі напалі на Полацак?”
(Васючэнка: ) “Атрымліваецца, што так. Але некаторымі гісторыкамі выказваецца думка, што гэтай падзеі проста не было. На Ўсяслава Чарадзея проста ўзьвялі паклёп, паколькі зайздросьцілі яго славе. Усяслава хацелі гэткім чынам скампрамэтаваць — зьвязаць яго княжаньне ў Полацаку з чарадзействам, зь нячыстаю сілаю. Але ёсьць і іншыя вэрсіі:
– на бунт наўцаў маглі падняць непрыяцелі Ўсяслава Чарадзея, якіх у яго было шмат як у межах Полацкага княства, так і па-за ягонымі межамі;
– мерцьвякі маглі ўзбунтавацца, не задаволеныя тым, што Ўсяслаў Чарадзей даволі актыўна ўводзіў на полацкіх землях хрысьціянства, якое не адпавядала ранейшым паганскім традыцыям;
– у гэтым жа стагодзьдзі адбыліся досыць крывавыя падзеі, якія кінулі знак у беларускай гісторыі й маглі паслужыць прычынай пахода наўцаў на Полацак — гэта крывавая бітва на Нямізе, якая адбылася роўна 25 гадоў таму перад паходам наўцаў на Полацак”.
(Ракіцкі: ) “Вам не падаецца гэта легенда легендаю, якая засьведчыла вельмі драматычны пераход ад паганства да хрысьціянства?”
(Васючэнка: ) “Безумоўна, паход наўцаў на Полацак зьвязаны зь пераменай вераваньняў. Па сутнасьці, мёрцы ўжо ня ведалі, у якой дзяржаве жывуць, ня ведалі новых канфэсійных стасункаў і імкнуліся супраціўляцца навацыям, якія ўводзіў Усяслаў Чарадзей”.
(Ракіцкі: ) “Мне цяпер, як пэрсанажам булгакаўскага “Майстра і Маргарыты”, хочацца патлумачыць гэта не містычным, а матэрыялістычным спосабам”.
(Васючэнка: ) “У псыхолягаў ёсьць тэрмін прыцемкавай альбо замглёнай сьвядомасьці. Гэтай сьвядомасьцю, паводле новых дасягненьняў у псыхалёгіі, валодаюць ня толькі жывыя людзі, але і мерцьвякі. Гэта забясьпечвае вяртаньне мерцьвякоў да жыцьця падчас клінічнай сьмерці і аповеды пра жыцьцё на тым сьвеце. Мажліва, што наўцы, якія апанавалі Полацак, валодалі гэтай прыцемкаваю сьвядомасьцю.
Факт прыцемкавай сьвядомасьці апісаў наш зямляк Янка Маўр, калі пісаў пра далёкую краіну Інданэзію і пра такую зьяву як амок, зьвязаную з агрэсіяй, правам забойства. Яна таксама зьдзяйсьняецца людзьмі ў памежным стане”.
(Ракіцкі: ) “Але давайце ўсё ж вернемся да нашай гісторыі. Ці меў гэты працэс аналёгіі пазьней?”
(Васючэнка: ) “У ХІХ стагодзьдзі, калі, здаецца, месца містыкі заняў рацыяналізм, мы бачым пераход “жывых нябожчыкаў” у літаратурныя творы. Вяртаецца, прыкладам, з таго сьвету Тарас (“Тарас на Парнасе”), вяртаюцца русалкі-сьвіцязянкі Міцкевіча. Можна сказаць, што літаратура ХІХ стагодзьдзя, насычаная матывамі вяртаньня з таго сьвету, сьведчыць пра асаблівы стан беларускай мэнтальнасьці, беларускай калектыўнай сьвядомасьці”.
(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што ў літаратурных творах новага часу Беларусь падаецца як замбаваная альбо памерлая краіна?”
(Васючэнка: ) “Давайце зьвернем увагу на погляд з боку расейскага паэта Някрасава, які ў вершы “Чыгунка” прымроіў вобраз беларускага зомбі — рабочага-будаўніка чыгункі, які вярнуўся ў жыцьцё будучы ўжо мерцьвяком і мэханічна, як і належыць зомбі, капае рыдлёўкаю мёрзлую зямлю.
У публіцыстыцы расейскіх дэмакратаў сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя беларусаў часта называлі “забитой нацией”. Слова “забитый” у расейскай мове азначае “затурканы”, а ў нашай забіты і ёсьць забіты — мёртвы. І Дабралюбаў, калі казаў, што не такая ўжо “забітая нацыя” беларусаў, меў на ўвазе тое, што беларусы яшчэ жывыя. Гэтая “жывая нацыя” сказала сваё слова ў 1863 годзе. Гэтае паўстаньне таксама адбылося як своеасаблівая гістарычная рэанімацыя — пераўтварэньне мёртвага ў жывое”.
(Ракіцкі: ) “А не падаецца вам, што ў ХХ стагодзьдзі гэтая сымболіка паўстаньня зь мёртвых ужо мае ідэалягічны і нават палітычны сэнс?”
(Васючэнка: ) “Пра гэта хораша кажа творчасьць “нашаніўцаў”, дзе беларускае адраджэньне якраз параўноўваецца з паўстаньнем ад летаргічнага сну альбо паўстаньнем зь мёртвых. Гэтак адраджаецца мужык з купалаўскай паэмы “Адвечная песьня”: паўстае на могілках, прыўзьнімае века сваёй труны і размаўляе як жывы. У паэме Купалы “На куцьцю” праводзіцца своеасаблівы псыхалягічны тэст жывасьць беларусаў — жывыя яны яшчэ ці не. Герой твору з палёгкай кажа: “Яшчэ ўсе жывы!” Але ў іншых купалаўскіх творах дыягназ больш жорсткі: беларусы паміраюць. У некаторых творах беларуская грамада паказана памерлай нацыяй.
Зьвярну ўвагу на верш “А хто там ідзе?” Вы ніколі не задумваліся, спадар Ракіцкі, а хто ж там усё-ткі ідзе? Хто яны, гэтыя сьляпыя, глухія, нямыя, якія “хочуць людзьмі звацца”? Паход гэтае грамады вельмі нагадвае паход нябожчыкаў, пра які мы з вамі ўжо гаварылі. Нарэшце, клясычны прыклад паходу нябожчыкаў знаходзім ў вершы Купалы “У ночным царстве”.
(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, я перакананы ў тым, што чаканьне дапамогі ад нябожчыкаў марнае. “Паўстаньне зь мёртвых”, на маю думку, адмысловая і малапрадукцыйная мэтафара беларускага нацыянальнага адраджэньня”.
(Васючэнка: ) “З вамі мог бы пагадзіцца скептычны і цынічны купалаўскі пэрсанаж Мікіта Зносак, які казаў Янку Здольніку: “Каму патрэбнае вашае зь мёртвых паўстаньне?”
(Ракіцкі: ) “Але мне здаецца, што і ў практыцы адраджэнцаў нашых часоў праглядаецца ўсё ж тое спадзяваньне на падтрымку нябожчыкаў. Вы паглядзіце, мы апошнія пятнаццаць гадоў чапляемся за нашыя сымбалі зь мінулага”.
(Васючэнка: ) “Дзякуючы гістарычнай звычцы азірацца на сваіх нябожчыкаў, беларусы па-ранейшаму спадзяюцца на іх падтрымку. Нябожчыкі падтрымліаюць беларусаў — падтрымліваюць сымбалічна, мэтафарычна, падтрымліваюць ужо самім фактам свайго існаваньня. Нас падтрымлівае Скарына, падтрымлівае Купала, падтрымлівае Караткевіч, і вось цяпер нас падтрымлівае ўжо і Васіль Быкаў. Спадзяваньне на падтрымку дастаткова адлюстравана і ў літаратурных творах. Яшчэ ў другую сусьветную вайну Пятрусь Броўка ў сваім вершы “Кастусь Каліноўскі” спадзяваўся на тое, што герой ХІХ стагодзьдзя прыйдзе і дапаможа адолець фрыцаў.
Ёсьць і іншыя даволі забаўныя прыклады стасункаў сучасных беларусаў зь мінуўшчынай. Прыкладам, ёсьць зьвесткі, што некалькі гадоў таму студэнты філфаку правялі сьпірытычны сэанс, на якім выклікалі да вяртаньня дух самога Купалы і спыталі ў яго: “Іван Дамінікавіч, а хто Вас забіў?” Кажуць, што Іван Дамінікавіч даў адказ. Але ў якой форме, і што зьмяшчаў гэты адказ, мы ня ведаем — гэта таямніца”.
(Ракіцкі: ) “А вось цяпер, спадар Васючэнка, увогуле ўзьнікла дзіўная ідэя: маскоўцы хочуць зруйнаваць свой гатэль “Масква”, у якім загінуў Янка Купала. Частка беларускай інтэлігенцыі раптам загаварыла пра тое, што трэба ўзяць кавалак мармуру з падлогі, дзе разьбіўся Купала, перавезьці яго ў Менск і паставіць ля музэю Купалы. Што гэта?”
(Васючэнка: ) “Гэта ізноў праява нашай гістарычнай звычкі згадваць пра былое тады, калі ўсё ўжо зьдзейсьнілася. Што замінала раней пакінуць у гатэлі мэмарыяльную дошку? Альбо нейкім іншым чынам спрычыніцца да трагічнага факту жыцьця і сьмерці Янкі Купалы, зьвязанага з гэтым гатэлем? Цяпер ужо пазнавата нешта рабіць. Наша гістарычная звычка — абмінаць і не шукаць дапамогі ў жывых, а шукаць яе ў нябожчыкаў”.
(Ракіцкі: ) “Але ж і беларусы баяліся трупаў…”
(Васючэнка: ) “Гэта адлюстроўвае твор Віктара Казька “Бунт незапатрабаванага праху”, дзе ўсе беды беларусаў і іншых нацыяў аўтар бачыць у тым, што цела Леніна дагэтуль знаходзіцца ў маўзалеі. Безумоўна, гэта праява адвечнай боязі, насьцярогі беларусаў у дачыненьні да нябожчыкаў”.
(Ракіцкі: ) “Беларусы, як вы цьвердзілі, маюць вялікі гістарычны досьвед стасункаў зь нябожчыкамі. Які ўрок з гэтага досьведу можна вынесьці?”
(Васючэнка: ) “Урок наступны: нябожчыкаў трэба шанаваць, як вучылі нашыя продкі, у адведзеныя для таго даты. І можна спадзявацца на іх маральную падтрымку. Але ў справе беларускага адраджэньня, як мне думаецца, трэба больш спадзявацца на жывое.
Мне памятаецца, некалькі гадоў таму ў Заходняй Эўропе працаваў экстрасэнс, які спрабаваў не ажывіць, а проста прыўзьняць мерцьвякоў. З дапамогай рухаў, адмысловых мігаў ён падымаў нябожчыка зь ляжачага стану — я сам бачыў гэта ў адным тэлесюжэце. Экстрасэнс робіць мігі — нябожчык падымаецца; экстрасэнс неверагоднымі высілкамі падтрымлівае яго цела ў сядзячым стане. Нарэшце нябожчык грукаецца, а разам зь ім грукаецца і мэдсястра: яна губляе прытомнасьць. Гэта нейкім чынам ілюстрацыя да некаторых спосабаў наладзіць беларускае адраджэньне.
У гэтай справе трэба апэляваць да жывой традыцыі. Беларусаў часта пытаюць: чаму ў вас столькі адраджэньняў, і калі будуць народзіны? Калі будзе дзіця? І вось трэба думаць, перадусім, пра народзіны, пра дзіця, пра маладосьць, пра будучае пакаленьне, аддаючы даніну тым, хто сышоў з гэтага жыцьця”.