Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ ПРЫМАЦЬ С.КАВАЛЁВА ЯК ПРАДСТАЎНІКА АДМЫСЛОВАЙ КАМІСІІ ПАРЭ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мінула больш за год, як пры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы была створаная адмысловая камісія ў расьсьледаваньні зьнікненьняў людзей у Беларусі. Камісію эўрапейскіх парлямэнтароў узначаліў дэпутат Расейскай дзяржаўнай Думы, вядомы праваабаронца Сяргей Кавалёў. Увесь гэты час камісія дамагалася ад афіцыйнага Менску магчымасьці прыехаць у Беларусь, каб на месцы высьветліць, як ідзе афіцыйнае расьсьледаваньне справаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Камісія зьбіралася прыехаць поўным складам, але беларускія ўлады ўвогуле не жадалі бачыць нікога з камісіі Кавалёва ў Менску. Нарэшце на апошняй сэсіі ПАРЭ прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі паабяцалі прыняць камісію Кавалёва, але слова сваё стрымалі толькі часткова. Кіраўніка камісіі Сяргея Кавалёва беларускія ўлады ў Менск гэтак і не запрасілі, пра што праваабаронца паведаміў Радыё Свабода:

(Кавалёў: ) “Менск афіцыйна адмовіў мне ў гэтым праве, адмовіў у адмысловым лісьце, які я нядаўна атрымаў. Увогуле непасрэдна зь сяброў камісіі нікога не запрасілі, таму ў Менск паедзе толькі адзін прадстаўнік ПАРЭ, дакладчык юрыдычнага камітэту спадар Пургурыдэс. Быццам яму абяцаюць сустрэчу з тымі афіцыйнымі асобамі, зь якімі мы хацелі б сустрэцца”.

Паводле Сяргея Кавалёва, дэпутат кіпрыйскага парлямэнту Хрыстас Пургурыдэс прыяжджае ў Менск 5 лістапада. Сяргей Кавалёў паведаміў, што камісія ПАРЭ прасіла беларускі парлямэнт наладзіць свайму прадстаўніку сустрэчу са сьледчымі, якія вядуць справы зьніклых палітыкаў. Таксама ў прадстаўнікоў ПАРЭ ёсьць надзея на сустрэчу з генэральным пракурорам Беларусі альбо зь ягонымі намесьнікамі. Але ці спраўдзяцца гэтыя пляны, Сяргей Кавалёў ня ведае. Паводле яго, да гэтага часу беларускі бок не дэманстраваў супадзеньня словаў і дзеяньняў, і ў яго няма надзеяў, што гэта адбудзецца ў Менску.

Між тым ў Палаце прадстаўнікоў Беларусі мне гэтак і ня здолелі адказаць на пытаньне, зь якімі афіцыйнымі асобамі ў Беларусі будзе сустракацца Хрыстас Пургурыдэс. Паведамілі толькі, што праграма візыту яшчэ ўзгадняецца.

Жонка зьніклага апазыцыянэра Ірына Красоўская вельмі непакоіцца, што візыт кіпрыйскага дэпутата беларускія ўлады ператвораць у рэкляму супрацоўніцтва з ПАРЭ, каб пасьля дамагацца аднаўленьня свайго статусу ў гэтай арганізацыі. Ірына Красоўская ўскладае на візыт Хрыстаса Пургурыдэса вялікія спадзяваньні:

(Красоўская: ) “Спадзяюся ўсё ж на нейкі новы віток у справе. Калі прадстаўнік такой сур’ёзнай камісіі не атрымае адказаў на свае пытаньні, то гэта будзе азначаць, што і на яе нашыя злады наплявалі, як і на ўсе астатнія арганізацыі”.

Нагадаем, справу Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага беларускія ўлады безвынікова расьсьледуюць ужо больш за тры гады. Ня знойдзеныя таксама скрадзеныя Юры Захаранка і Зьміцер Завадзкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG