Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЬТА-БЛЮЗ ЗЬ БЕРАГОЎ СЬВІСЛАЧЫ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Ёсьць у нашай краіне дастаткова шмат музычных калектываў, чыя вядомасьць абмяжоўваецца выключна вузкім колам публікі. У той жа час гэтыя групы, выступаючы за мяжой, зьбіраюць ня толькі вялікія аўдыторыі, але й маюць вельмі станоўчыя водгукі з боку спэцыялістаў, нават перамагаюць у разнастайных конкурсах сваіх калегаў зь іншых эўрапейскіх краін. Адзін з такіх калектываў — менская блюзавая група, якая завецца дастаткова таямніча “Біг Вал, Сьвет энд Эл”. Сёлета, калі музыкі выступалі ў конкурснай частцы на фэстывалі “Ноц блюзова” ў польскім горадзе Рава Мазавецка, яны ўпэўнена перамаглі, апярэдзіўшы дзесяць іншых калектываў зь пяці краінаў.

Вядома, што выканаўцы блюзу — гэта людзі і занятыя (бо выжыць блюз не дапамагае, а таму даводзіцца зарабляць на жыцьцё іншым чынам), і даволі загадкавыя. Вось чаму ў студыю Радыё Свабода я здолеў выцягнуць толькі аднаго з музыкаў — Эла. А каб зьберагчы загадкавасьць блюзавай душы, мы вырашылі загадзя абмежавацца тым, што я й буду зьвяртацца да яго выключна як да Эла. Вітаю ў студыі аднаго з прадстаўнікоў рэдкай, прызнацца, для Беларусі музычнай прафэсіі — блюзавага гітарыста Эла. Наколькі мне вядома, Эл, вы са Сьветам пачыналі з выкананьня цалкам іншай музыкі. А што ж штурхнула вас у абдымкі блюзу?”

(Эл: ) “У свой час мы зразумелі проста, што блюз — гэта тое, што мы можам граць, і тое, што мы павінны граць. І менавіта гэтая музыка пасуе нам больш за ўсё. Пачыналі мы са стандартнай рок-музыкі, потым былі аўтарскія творы — рок ці блюз-рок у апрацоўцы, але ў пэўны час проста зразумелі, што блюз — гэта для нас”.

(Падбярэскі: ) “А як вы сустрэліся? Пытаюся таму, што ведаю: вучыліся вы ў розных ВНУ”.

(Эл: ) “Вучыліся мы ў розных ВНУ, жылі ў розных частках гораду, а таму сустрэліся цалкам выпадкова з мэтай граць музыку. Ня блюз, але потым гэта зрабілася блюзавым дуэтам”.

(Падбярэскі: ) “Наколькі нечаканай была для вас перамога ў польскім конкурсе?”

(Эл: ) “У нас былі нейкія спадзяваньні на тое, што мы іграем дастаткова арыгінальную музыку і нават для блюзавага фэстывалю гэта павінна быць нечым незвычайным. У нас былі нейкія надзеі, але невялікія, што дзякуючы нашай арыгінальнасьці мы можам нешта там заваяваць. Але потым, ужо ў Польшчы, у час конкурсу, калі мы пабачылі астатніх музыкаў, мы…”

(Падбярэскі: ) “…вы амаль што ўпэўніліся ва ўласнай перамозе”.

(Эл: ) “Не-не! Наадварот! Мы падумалі, што гэты конкурс не прынясе нам перамогі, і вельмі добра, што мы нават проста ўдзельнічаем у гэтым конкурсе”.

(Падбярэскі: ) “Блюз — музыка зьнешне простая. Тым ня менш, тых, хто выконвае блюз, ня так і шмат, у тым ліку і ў Беларусі. Дык наколькі складана выконваць амэрыканскую спрадвеку музыку тут, жывучы ў Беларусі?”

(Эл: ) “Гэта вельмі складана, таму што, каб граць блюз, трэба ня проста ўмець граць на музычным інструмэнце, а перш за ўсё трэба разумець натуру блюзу наогул. Гэта значыць, умець гаварыць па-ангельску, мець дастаткова добры густ і добрую фанатэку, якая б дапамагала арыентавацца ў блюзе ўвогуле, неабходна бачыць чорных блюзавых выканаўцаў, пажадана жыўцом, што нам удалося да гэтага часу толькі аднойчы, у Маскве. Таму гэта дастаткова цяжка, але мы… we are the best!”

(Падбярэскі: ) “А як вы, дарэчы, шукаеце матэрыял для рэпэртуару, як вы вывучаеце гэтую музыку?”

(Эл: ) “У нас ёсьць невялікія сакрэты, нашыя ўласныя, як знайсьці патрэбную песьню, але няхай гэта й будзе нашым сакрэтам”.

(Падбярэскі: ) “Часта даводзіцца чуць, што блюз у выкананьні, прынамсі, беларускіх музыкаў — гэта што заўгодна, толькі не сапраўдны блюз. Ты, Эл, можаш пагадзіцца з такой думкай?”

(Эл: ) “Цалкам! Пагаджаюся”.

(Падбярэскі: ) “Чакай-чакай… Ты з гэтым пагаджаесься?!”

(Эл: ) “Мы стараемся адмежавацца ад беларускай блюзавай традыцыі й працаваць у стылі чорных выканаўцаў. Наколькі нам гэта ўдаецца, гэта пытаньне не да мяне. Але ў Беларусі сапраўды — сапраўднага блюзу ніхто не іграе”.

(Падбярэскі: ) “Чакаў чаго заўгодна, але толькі не такога адказу. А наколькі, дарэчы, наогул блюз можна называць беларускай музыкай? Гэта таксама адно з прынцыповых пытаньняў”.

(Эл: ) “Блюз — не беларуская музыка. Гэта калісьці была амэрыканская музыка, цяпер гэта музыка, якая належыць усяму сьвету. Гэта музыка людзей, якія разумеюць і хочуць яе іграць”.

(Падбярэскі: ) “Дык калі ўсяму сьвету, значыць, і Беларусі таксама?”

(Эл: ) “Так, але на сучасным этапе ніхто не іграе сапраўдных блюзаў у Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “Ты ўсё ж, па-мойму, супярэчыш сабе трошкі… Слова — экспэрту. Вітальд Франкевіч — адзін з найбольш аўтарытэтных дасьледнікаў і знаўцаў блюзу ў Польшчы”.

(Франкевіч: ) “Першы раз пачуў гэтых хлопцаў сёлета на фэстывалі “Ноц блюзова” ў Раве Мазавецкай, дзе яны ў прыгожам стылі выйгралі міжнародны конкурс. Іх выступленьне вызначалася вельмі добрым адчуваньнем сутнасьці блюзу, таму яны гэтак захапілі ўвагу публікі й журы. Дарэчы, мы з задавальненьнем адзначаем у нашых беларускіх суседзяў разьвіцьцё блюзавай музыкі. Яна па сутнасьці сваёй паходзіць з душы. Яе выконваюць толькі тыя, хто яе сапраўды глыбока адчувае і здольны празь яе выказаць уласныя пачуцьці. У гэтым сэнсе яна стаіць па-над геаграфіяй. Дастаткова таго, што ёсьць чалавек, які тое чуе і здольны пераказаць уласныя пачуцьці. І гэта выдатна”.

(Падбярэскі: ) “Сёлета, апрача выступу ў Польшчы, вы яшчэ бралі ўдзел у найбольш значным, бадай, расейскім блюзавым фэстывалі — “Ачакава-блюз”. Як вы туды патрапілі і ці не ўспрымалі вас там як прадстаўнікоў глыбокай блюзавай правінцыі?”

(Эл: ) “Трапілі мы туды досыць выпадкова. Езьдзілі летам у Расею, у Пецярбург, Уладзімір і Маскву, там гралі клюбныя канцэрты, і нас заўважылі людзі, якія вырашылі арганізаваць фэстываль восеньню і запрасілі туды. Сапраўды, нас успрымалі як прадстаўнікоў правінцыі, але гэта пытаньне не музычнае, а хутчэй палітычнае. Для расейскіх музыкантаў і ўвогуле для расяян беларусы заўсёды прадстаўнікі правінцыі. Як бы мы добра ні ігралі, заўсёды адносіны да нас будуць такія”.

(Падбярэскі: ) “А вам, як табе здаецца, удалося пераканаць, што вы не правінцыялы?”

(Эл: ) “Некаторых людзей — так, некаторых — не. Але мы і ня ставілі мэты пераконваць у тым, што мы не прадстаўнікі правінцыі. Мы атрымліваем задавальненьне ад ігры”.

(Падбярэскі: ) “Як вы супрацоўнічае зь Біг Валам? Пытаньне не выпадковае, бо ён ўсё ж чалавек крыху іншага пакаленьня”.

(Эл: ) “Тое, што мы робім, завем блюзавае трыё ці нават блюзавы квартэт, таму што ў нас зьявіўся кантрабасыст. Але Біг Вал — гэта чалавек, які часта выступае адзін, і мы яму акампануем як прафэсійныя акампаніятары. Гэта наш выдатны сябра і гэта найлепшы блюзавы голас нашай краіны, таму мы проста ганарымся тым, што нам выпадае зь ім іграць”.

(Падбярэскі: ) “Усё ж такі ёсьць у Беларусі выдатны блюзавы голас! Я ж казаў, што ты крыху сам сабе супярэчыш…Эл! Існуе шмат вызначэньняў блюзу. А як бы ты вызначыў, што такое блюз для беларускага музыканта?”

(Эл: ) “У мяне няма дакладнай дэфініцыі, што такое блюз. Я асабіста адчуваю, што такое блюз, пасьля трох-чатырох нотаў. Аднак выказаць словамі гэтага не магу. Блюз — гэта блюз, гэта трэба адчуваць і разумець. Так, гэта музыка, але акрэсьліць гэта неяк словамі немагчыма”.

(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй за гутарку. Я пажадаю вам посьпехаў, каб вы не спыняліся на гэтым і ўсё ж прыйшлі да таго, каб людзі, слухаючы вас за мяжой, усё ж казалі: блюз у Беларусі ёсьць, блюз — гэта адзін зь відаў беларускай музыкі таксама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG