Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі. Учора ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень памяці.

А ў гісторыі 2 лістапада адбываліся наступныя падзеі. У 1648 годзе ўпершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта не на беларускіх, а на ўкраінскіх землях. Загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі і закатавалі больш за 12 тысяч габрэяў.

2 лістапада 1939 году на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон пра ўлучэньне Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньне яе ў Беларускую ССР. Цікава, што ў складзе Заходняй Беларусі тады былі гарады Вільня і Беласток, якія сёньня належаць Літве і Польшчы.

Біяграфічныя даты. 2 лістапада ў розныя гады нарадзіліся беларускі мастак і паўстанец Міхал Андрыёлі; пісьменьнік Максім Лужанін, які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу “Колас расказвае пра сябе”; а таксама паэт і дзяяч беларускай супольнасьці ў Польшчы Алесь Барскі.

Цяпер – сёньняшнія каляндарныя даты.

3 лістапада 1937 году ў СССР карныя органы расстралялі заходнебеларускіх палітыкаў. Вязьні польскай турмы Максім Бурсевіч і Павал Валошын былі абмяняныя паводле савецка-польскай дамовы пра абмен палітзьняволенымі і такім чынам трапілі ў Савецкі Саюз, дзе былі арыштаваныя ўжо савецкімі ворганамі і засуджаныя на 10 гадоў катаргі, але не пасьпелі адбыць і часткі тэрміну, як паводле новага прысуду іх расстралялі.

3 лістапада ў 1845 годзе нарадзіўся Зыгмунд Глогер, археоляг, этнограф і гісторык. Глогер даследаваў помнікі каменнага веку на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Выдаў некалькі фальклёрных зборнікаў, у аснове якіх – сабраны ў Беларусі матэрыял. У 1893 годзе ў Варшаве дасьледчык надрукаваў кнігу беларускага гумару “Торба сьмеху“.

З лістапада нарадзіўся Якуб Колас. Адбылося гэта ў 1882 годзе
ў вёсцы Акінчыцы пад Стоўпцамі. Якуб Колас – народны паэт Беларусі, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Колас – аўтар вядомых кожнаму беларусу са школы паэм “Новая зямля” і “Сымон музыка”.

3 лістапада 1890 году прыйшоў на сьвет Глеб Бонч-Асмалоўскі, беларускі антраполяг і археоляг. Упершыню на тэрыторыі былога СССР ён знайшоў парэшткі нэандэртальца, крамянёвыя скульптуры, выявы чалавека, якім больш за 50 тысяч гадоў. Апісаў спосабы вырабу і функцыі каменных прыладаў працы першабытнага чалавека. А нарадзіўся Бонч-Асмалоўскі ў маёнтку Блонь пад Пухавічамі.
XS
SM
MD
LG