“Вострая Брама”. 1 лістапада
Сьвяткаваньне 85-х угодкаў камсамолу ў той самы дзень, калі ў 1937-м годзе ў Менску былі расстраляныя 22 літаратары, высьветліла, што ў Беларусі суіснуюць дзьве ідэалёгіі. Адна – квазісавецкая і недаробленая – навязваецца ўсяму грамадзтву ўладамі. Другая – нацыянальная – захоўваецца да лепшых часоў апазыцыяй. Пры гэтым гучыць заклік прэзыдэнта да шырокага ўдзелу ў выпрацоўцы дзяржаўнае ідэалёгіі ўсяго грамадзтва. Але ці магчыма гэта? І калі ўрэшце настануць для Беларусі “лепшыя часы”? Гаворка пра гэта – у новым выпуску перадачы “Вострая Брама”.
“Дэльта-блюз зь берагоў Сьвіслачы”: новая перадача сэрыі “Па-за тактам”. 1 лістапада
Ці можна жыць у Беларусі й натуральна выконваць спрадвечны амэрыканскі блюз? Ці могуць беларусы з такой музыкай выйграваць міжнародныя конкурсы? І што думаюць з гэтай нагоды спэцыялісты? Пра сутнасьць блюзу, таямнічую беларускую блюзавую душу наш карэспандэнт Зьміцер Падбярэскі размаўляе з Элам — удзельнікам беларускай блюзавай групы “Біг Вал, Сьвет энд Эл”. Чарговую праграму “Дэльта-блюз зь берагоў Сьвіслачы” з сэрыі “Па-за тактам” слухайце 1 лістапада.
“Паштовая скрынка 111”. 2 лістапада
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Аксана Новікава, Віктар Бута, Іван Ціхановіч і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– абмяркоўваюць прычыны і наступствы масавай галадоўкі ў Вакавыску;
– выказваюць меркаваньні пра тое, як ва ўмовах Беларусі людзі могуць выказаць нязгоду зь дзеяньнямі ўлады;
– разважаюць пра наступствы палітыкі русіфікацыі ў Беларусі;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
“Вольная студыя”. 2 лістапада
Праваабарончы цэнтар “Вясна” афіцыйна праіснаваў у Беларусі крыху больш за шэсьць гадоў. За гэты час ён набыў аўтарытэт у Эўропе, яму давяралі міжнародныя праваабарончыя і палітычныя эўрапейскія структуры. Праз свой бюлетэнь “Права на волю”, які выходзіў на трох мовах: па-беларуску, па-ангельску і па-расейску, “Вясна” інфармавала сьвет пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Цяпер рабіць гэта будзе значна складаней — рашэньнем Вярхоўнага суду ад 28 кастрычніка праваабарончы цэнтар зьліквідаваны. Але беларускія праваабаронцы не зьбіраюцца спыняць сваёй дзейнасьці. Госьцем Міхася Скоблы ў нядзельнай перадачы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы” будзе заснавальнік і кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі.
“Праскі Акцэнт”. 2 лістапада
Ліквідацыя грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі і справа ЮКАС’у ў Расеі – у чым падабенства і ў чым адрозьненьне гэтых працэсаў? Наколькі дарэчным у цяперашніх умовах зьяўляецца заклік “Разам з Расеяй – у Эўропу”? Чаму пэўнае набліжэньне расейскай палітычнай сыстэмы да беларускай суправаджаецца абвастрэньнем адносінаў паміж Менскам і Масквою? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” ганаровы старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі, палітычны аналітык Андрэй Фёдараў і расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі. Перадача, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, выйдзе ў эфір у нядзелю, 2 лістапада.