Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СУПЯРЭЧАЦЬ АСАБІСТЫЯ НУМАРЫ РЭЛІГІЙНЫМ ПЕРАКАНАНЬНЯМ?


Кастусь Бандарук, Прага

Грэцыя ўвайшла ў зону Шэнгенскага пагадненьня, былі ўведзеныя новыя пашпарты. Грэцкая праваслаўная царква ў сваёй заяве настойвала на тым, каб у кодавых знаках дзяржаўных электронных службаў нідзе не выкарыстоўвалася лічба 666, якая зьяўляецца імем Антыхрыста.

У 13 разьдзеле Кнігі Адкрыцьця гаворыцца: “пакладзена будзе кляймо на правую руку іхную або на лоб іхні, і нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага. Хто мае розум, хай палічыць лічбу зьвера, бо гэта лічба чалавечая. Лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзесят шэсьць”. (Адкр. 13, 16-18)

Грэцкая царква зьвярнула ўвагу на тое, што збор самай рознай інфармацыі пра чалавека закадаванай ў шэрагу лічбаў, можа паспрыяць татальнаму кантролю за асабістым жыцьцём чалавека. Гэта прыніжае чалавечую годнасьць і парушае ягоныя свабоды. Грэцкая царква заклікала сваіх вернікаў не прымаць новыя пашпарты.

Беларусь пакуль не належыць да краінаў Шэнгенскай дамовы, але ў краінах СНД гаворка ідзе пра ідэнтыфікацыйныя падатковыя нумары, гэтак званыя ІНН. У 1999 годзе шматлікія вернікі, напалоханыя шасьцёркамі ў перакладзе ІНН на мову кампутарных штрых-кодаў, пачалі нават ўцякаць у Сібір, каб ратавацца ад гэтай “пячаткі Антыхрыста”. У Адэсе быў нават выпадак самагубства, калі адзін не зусім разумны сьвятар так напалохаў прафіянку, што прыняўшы нумар ІІН яна нібыта прыняла ў душу пячатку Антыхрыста, і жанчына скончыла жыцьцё самагубствам. Шматлікія манахі былі гатовыя на сьмерць, абы толькі не прымаць гэтага нумару. У выніку пратэстаў, улетку 1999 году, Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла папраўку да закону, згодна якой грамадзянін можа адмовіцца ад ІІН без адміністрацыйнай адказнасьці.

Што тычыцца Расеі, у сакавіку 2000 году Сынод РПЦ выступіў з адмысловай заявай, у якой гаворыцца: “У апошні час улады Расеі ды іншых краінаў СНД імкнуцца арганізаваць збор інфармацыі аб грамадзянах, якая будзе захоўвацца ў дзяржаўных кампутарных сыстэмах. Гэта тлумачыцца неабходнасьцю ўпарадкаваць збор падаткаў. Грамадзянам пачалі выдаваць электронныя карткі з асобным нумарам для кожнага падаткаплатніка. Адсюль назоў ІНН, “идентификационный номер налогаплательшчика”. Аднак гэтае новаўвядзеньне выклікала занепакоенасьць вернікаў, якія баяцца татальнага кантролю ўлады над прыватным і грамадзкім жыцьцём чалавека, балазе, што адсутнічае грамадзкі кантроль за інфармацыяй на гэтых картках.”

У некаторых дакумэнтах ёсьць штрых-коды, выява лічбаў у выглядзе лініяў рознай таўшчыні. Кожны з гэтых кодаў зьмяшчае ў сабе тры лініі падзелу, якія графічна супадаюць з сымбалям прынятым для лічбы “6”. Такім чынам, у штрых-кодах, ініцыятары стварэньня міжнароднай сыстэмы іх напісаньня, зьмешчаная выява лічбы 666, якая згадваецца ў 13 разьдзеле Кнігі Адкрыцьцья.

РПЦ нагадала, што ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам, збор, захоўваньне і скарыстоўваньне інфармацыі аб прыватным жыцьці чалавека без ягонай згоды – недапушчальны. Царква заклікала ўлады знайсьці іншы спосаб падатакавага ўліку, а вернікаў адстойваць свае правы на жыцьцё без нумару.

У час глябалізацыі, свабоднага перамяшчэньня людзей, тавараў і капіталу, электроніка можа аблягчыць жыцьцё. Нумар можа замяніць пашпарт, банкаўскую картку і шэраг іншых дакумэнтаў. Для ўсяго гэтага ўжываюцца розныя лічбавыя коды. Што ў гэтым дрэннага?

Праціўнікі такой нумарацыі лічаць, што збор, захоўваньне і скарыстоўваньне інфармацыі пра чалавека, гэта ўлада над ім. Гэта можа парушыць прыватнасьць ягонага асабістага жыцьця, свабоду веравызнаньня і перамяшчэньня. Татальнае ўвядзеньне розных інтэлектуальных картак можа дапамагчы ў краме, банку, або на мяжы, але ня кожны хоча, каб, напрыклад, у Брусэлі ведалі, што сёньня рабіў, або набываў нейкі жыхар Прагі. Шмат каго хвалюе і прыніжае тое, што лічбы пачынаюць замяняць самога чалавека, ягоную асобу і біяграфію. Нешта такое ўжо было. У канцлягерах вязьні маглі забыцца пра сваё прозьвішча. Яны станавіліся нумарамі.

Што тычыцца хрысьціянаў, многія лічаць сваё імя атрыманае ў часе хросту сьвятым і непарушным. У ім сымбалічная лучнасьць са сьвятымі і з царквой. Яны лічаць недапушчальным, каб дзяржава давала ім нейкае новае імя, асабліва ў выглядзе лічбаў. Тым ня менш, у час глябалізацыі з практычных меркаваньняў, нейкая нумарацыя, нейкія ідэнтыфікацыйныя нумары, нейкія коды проста непазьбежныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG