Беларуска-літоўская мяжа падзяліла ня толькі дзяржавы, але і сем’і – асабліва у памежных рэгіёнах. Цяпер мяжа паўстае трывалай перашкодай і для тых, хто мае патрэбу наведаць магілы родных.
1 лістапада – Дзяды, Асяніны. У гэты дзень існуе старадаўняя традыцыя наведваць магілы родных і блізкіх, упарадкаваць іх перад зімой, запаліць сьвечкі. Трэба адзначыць, што сёлета супадаюць і каталіцкі Дзень усіх сьвятых, і праваслаўная Бацькоўская памінальная субота.
Раней жыхары памежнага рэгіёну карысталіся ў гэты дзень правам спрошчанага перасячэньня мяжы – існавала адпаведнае пагадненьне між Літвой і Беларусяй. Паводле загадзя створаных сьпісаў жыхары памежных раёнаў Беларусі і Літвы, якія жадалі наведаць могілкі блізкіх па другі бок мяжы, мелі права пераяжджаць мяжу ў пунктах спрошчанага кантролю.
Служба аховы дзяржаўнае мяжы Літвы папярэдзіла, што сёлета ня будзе рабіцца ніякіх выключэньняў – праз пункты спрошчанага кантролю нікога прапускаць ня будуць. Таксама і тыя, хто мае усе дакумэнты, патрэбныя дзеля перасячэньня мяжы, ўсё адно ня змогуць скараціць дарогу праз пункты спрошчанага кантролю. Наперададні Дзядоў пра гэта папярэджаныя і супрацоўнікі памежнай службы, і жыхары памежжа.
Існавала дамоўленасьць паміж дзьвумя краінамі адносна пунктаў спрошчанага памежнага кантролю. Такіх пунктаў ПКП было 21. Яны патрабавалі менш выдаткаў на ўтрыманьне і дапамагалі скарачаць час і дарогу пры перасячэньні мяжы. Сёлета адмененае гэтае пагадненьне, і усе памежныя пункты спрошчанага кантролю дзейнічаць ня будуць.
Літва ня раз зьвярталася да Беларусі з прапановамі захаваць памежныя пункты спрошчанага кантролю, але Беларусь адмовілася ад такіх ПКП на сваім баку. Цяпер засталіся толькі міжнародныя і двухбаковыя пункты памежнага кантролю. 11 дарожных ПКП, – на амаль 700 км мяжы.
Гэта азначае, каб наведаць могілкі, якія знаходзяцца ад вёскі напрыклад, на адлегласьці 3-5 км, давядзецца праехаць да 100 км з аднога боку мяжы да бліжэйшага ПКП, і яшчэ столькі ж – па другі бок мяжы, – і гэта будзе толькі шлях у адзін бок.
Калі казаць пра ўсю дарогу – шлях да могілкаў і назад – ранейшая адлегласьць у 10 км вырастае прыкладна да 400 км. Многія жыхары памежных рэгіёнаў апынуліся цяпер цалкам не гатовыя і да патрабаваьня мець візы, каб на Дзяды наведаць магілы родных за некалькі кілямэтраў ад іх вёскі.
Пераважная большасьць жыхароў памежнага рэгіёну, якія пацярпелі з-за гэтага, – беларусы па абодва бакі мяжы. Літва тлумачыць гэтыя захады неабходнасьцю ўзмацненьня аховы мяжы, змаганьня з кантрабандай. Паколькі Літва рыхтуецца далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, беларуска-літоўская мяжа ў блізкім часе станецца вонкавай мяжой Эўразьвязу. Яго патрабаваньнямі Літва і тлумачыць гэтыя меры.
Прадстаўнікі беларускай меншасьці ў Літве адносна парушэньня іхных правоў ў справе ўзмацненьня мяжы ніякіх скаргаў у структуры Эўрапейскага Зьвязу не накіроўвалі, бо спадзяваліся на тое, што у такія дні, як Дзяды, Вялікдзень, па-ранейшаму будуць дзейнічаць спрошчаныя правілы.
Паводле ж існуючага цяпер (ад 1 студзеня 2003 году) парадку, грамадзяне Беларусі і Літвы могуць перасякаць мяжу толькі ў міжнародных альбо двухбаковых пунктах памежнага кантролю і абвязаны мець візу ў дзейсным падарожным дакумэнце, прызнаным абедзьвюмя краінамі.