Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКІ ПАГРАЖАЮЦЬ БАЦЬКАМ ЛІЦЭІСТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Выкладчыкі папярэдзілі дзяцей, што першая чвэрць скончыцца амаль на тыдзень пазьней, чым для іх аднагодкаў са школаў. Вакацыі будуць толькі тры дні. Гэта абумоўлена тым, што ліцэісты павінны раней скончыць навучальны год, каб 16 траўня здаць іспыты. Дзеці ўспрынялі гэтую навіну ня надта ўзрадавана, але паставіліся да гэтага па-даросламу, з разуменьнем сытуацыі. Гаворыць навучэнка 3 курсу Варвара Папова:

(Варвара: ) “Цяпер мы вучымся ў напружанным рэжыме. Нам скарацілі канікулы. Мы будзем адпачываць толькі тры дні. Але мы ж павінны скончыць раней навучальны год, бо трэба будзе здаваць экзамэны”.

Алег Лойка дадаў:

(Алег: ) “Я лічу, што настаўнікі правыя, бо, сапраўды, мы першы тыдзень не вучыліся па-сапраўднаму. Апроч таго, нам трэба раней скончыць заняткі”.

Настаўніца расейскай мовы Ірына Паўтаржыцкая спадзяецца, што пытаньне з памяшканьнем для ліцэю нарэшце вырашыцца:

(Паўтаржыцкая: ) “Канечне, цяжка. Нягледзячы на тое, што мы ўжо прыстасаваліся, але ўсё ж дзецям цяжка пераходзіць зь месца на месца па горадзе. Яны атрымліваюць веды, хочуць вучыцца, стараюцца. Мы спадзяемся, што будуць лепшыя ўмовы. Дзеля гэтага трэба, каб грамадзтва паклапацілася пра нас, асабліва пра дзяцей і дала нам магчымасьць працаваць”.

Пры канцы першай чвэрці бацькам ліцэістаў сталі больш настойліва тэлефанаваць са школаў. Іх папярэджваюць: калі дзеці ня будуць наведваць школу, іх не дапусьцяць да здачы экзамэнаў. Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі лічыць такія дзеяньні незаконнымі. Ён паведаміў Радыё Свабода, што выкладчыкі ліцэю і бацькі фіксуюць імёны чыноўнікаў, якія аказваюць ціск на бацькоў, каб потым прыцягнуць гэтых чыноўнікаў да судовай адказнасьці.

(Баршчэўскі: ) “Улады — і адміністрацыя прэзыдэнцкая, і Міністэрства адукацыі дзейнічаюць надалей старымі мэтадамі: ціскам, запалохваньнем. Іншых мэтадаў у іх у арсэнале не засталося. Яны яшчэ не зразумелі, што такім чынам яны ня здолеюць зьнішчыць ліцэй і разагнаць ліцэістаў. Мне шкада гэтых людзей, якіх нельга на гарматны стрэл дапускаць да пэдагогікі, паколькі пэдагогіка і таталітарныя мэтады, запалохваньне і інструктаж — гэта рэчы абсалютна не сумяшчальныя. Званкі бацькам, уводзяць у зман… У прынцыпе, за такія рэчы трэба караць. Прыйдзе час, і гэтыя людзі будуць пакараныя. Экстэрнат, увогуле, не прадугледжвае таго, што чалавек павінен вучыцца ў школе”.

Дзеці пакуль вучацца, а пасьля заняткаў рыхтуюцца да дня першакурсьніка. Вечарына мусіць адбыцца 5 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG