Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CАТЫРЫЧНЫ ТЭАТАР “ХРЫСТАФОР” ПЕРАЯЖДЖАЕ Ў МАСКВУ


Валянціна Аксак, Менск

Гаворыць Аляксандар Вергуноў:

(Вергуноў: ) “Наступае такі момант у жыцьці чалавека, у жыцьці творчага чалавека я маю на ўвазе, калі ён вырастае са сваіх асабістых штаноў. І ўжо патрабуе чагосьці іншага, чагосьці большага. Іншых прастораў”.

А вось што адказаў на пытаньне пра прычыны ад’езду мастацкі кіраўнік тэатру “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі:

(Крыжаноўскі: ) “Наш пераезд у Маскву — ён вымушаны. Цяпер тэатар практычна не зарабляе грошай зусім. Бо падаткі, якімі нас абклалі з усіх бакоў, робяць так, што за адну пастаноўку пры поўнай залі мы атрымлівае 50 тысяч беларускіх рублёў, ці 25 даляраў.Калі лічыць, што мы граем чатыры спэктаклі на месяц, то атрымліваецца, што на дзесяць чалавек ( актораў 5 і 5 абслугі) мы атрымліваем 100 даляраў. Гэта невыносна”.

Спадар Крыжаноўскі сказаў, што ўсе недзяржаўныя тэатры ў краіне цяпер апынуліся ў крызысным фінансавым стане і вымушаныя альбо зачыніцца, альбо шукаць працы зя мяжой. Адзіны беларускамоўны незалежны тэатар “Вольная сцэна” ўчора даваў свой апошні спэктакль, а артысты “Хрыстафору” падпісваюць кантракты з праграмаю “Аншляг”. Кантракты яны падпісваюць на два гады. Паводле кіраўніка тэатру, 1 лістапада іх выступ ужо пакажуць па расейскім тэлеканале. Але працаваць там яны будуць, як артысты тэатру “Хрыстафор” зь Менску.

Ад’езд у Маскву — гэта адзіная магчымасьць захаваць калектыў у добрай творчай форме да лепшага часу, — кажа Яўген Крыжаноўскі. Цяпер у Менску, каб выжываць, акторы змушаныя працаваць на розных прыватных вечарынках, бо ад спэктакляў яны з красавіка ня маюць ніякіх прыбыткаў. На маё пытаньне, пры якіх умовах “Хрыстафор” вернецца на радзіму, кіраўнік тэатру Яўген Крыжаноўскі сказаў:

(Крыжаноўскі: ) “Назад у Менск мы вернемся тады, калі тут можна будзе працаваць і зарабляць грошы. Бо цяпер я ня ведаю, з чым гэта зьвязана — такі прэсінг падатковы, прэсінг фінансавы. Ці таму, што мы — недзяржаўны тэатар, ці таму, што мы ў сваіх пастаноўках займаемся сатырай, я ня ведаю. Але што мы вернемся сюды, калі можна будзе працаваць, гэта безумоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG