Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ ЗАКЛАПОЧАНАЯ ЛЁСАМ ЛІЦЭЮ


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля сэрыі сустрэчаў з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, што былі напярэдадні, Ута Цапф другі дзень свайго візыту ў Беларусь распачала гутаркай з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Валерым Фраловым і Ўладзімерам Парфяновічам, былым амбасадарам Беларусі ў Рызе Міхаілам Марынічам і экс-кіраўніком Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімерам Коласам. Апошні распавёў пра гэтую сустрэчу наступнае:

(Колас: ) “Абмяркоўвалі сытуацыю, якая цяпер у краіне з дэмакратычнымі свабодамі й дзеяньні групы “Рэспубліка”, сытуацыю зь ліцэем, магчымасьці, якія існуюць проста ў грамадзян для рэалізацыі сваіх канстытуцыйных правоў. Яна слухала, нешта раіла, раілася — якая можа быць дапамога з боку эўрапейскай супольнасьці. Так было сказана: гэта агульная задача цяпер — ня даць ліцэю зьнікнуць”.

Яшчэ адзін удзельнік гутаркі з Утай Цапф — дэпутат Уладзімер Парфяновіч сказаў, што з боку беларускіх уладаў за час, які прайшоў пасьля яе мінулага прыезду, нічога зроблена не было.

(Парфяновіч: ) “Гэта можна ўзяць які-небудзь паўтор мінулай сустрэчы, і ўсё. Якія могуць быць вынікі, калі нічога ня здарылася за гэты час?”

Я нагадаў спадару Парфяновічу, што, паводле афіцыйнай вэрсіі кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, ня стала дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Але яе былы кіраўнік у адказ заявіў:

(Парфяновіч: ) “Ведаеце, групавое згвалтаваньне, калі прысутнічаюць два чалавекі, — гэта ўжо група”.

Мажліва, такой лёгікай давядзецца кіравацца ўсім незарэгістраваным групам і арганізацыям. Пасьля сустрэчы з акрэдытаванымі ў Менску амбасадарамі Эўрапейскага Зьвязу, ЗША ды Расеі Ута Цапф паехала на рабочы абед з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія апошнім часам зьведалі рэпрэсіі. Прадстаўніца Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ выказала сваю заклапочанасьць лёсам арганізацыяў кшталту праваабарончага цэнтру “Вясна”, які стаў пакуль апошнім зьвяном у ланцугу закрытых структураў грамадзянскай супольнасьці.

Увечары спадарыня Цапф мела сустрэчы зь міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам і міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым. Яна адмовілася камэнтаваць вынікі сваіх менскіх сустрэчаў да прэсавай канфэрэнцыі, якая пройдзе ў суботу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG