Некаторыя казалі, што традыцыйныя папрокі на адрас высокапастаўленых чыноўнікаў з боку Аляксандра Лукашэнкі іх больш не ўражваюць і з гэтай прычыны адмаўляліся выказваць сваё меркаваньне. Аднак большасьць людзей адказаць на пытаньне пагаджаліся:
(Карэспандэнтка: ) “Як бы вы ацанілі дзейнасьць ураду краіны?”
(Спадарыня: ) “Я не задаволеная, бо людзі нашыя ўсё ж бедныя”.
(Спадар: ) “Больш нэгатыўнага, чым пазытыўнага. Мы па свайму жыцьцю адчуваем, што з кожным днём не лягчэй, а цяжэй становіцца. Заробак, фактычна не падвышаецца, а ўсё даражае, ад каго гэта залежыць — зразумела. Міжнароднай дзейнасьцю таксама ніхто не займаецца. Але калі краіна ў ізаляцыі, дык што тут можна казаць?”
(Спадарыня: ) “Кепска працуе. Шмат у нас недахопаў і асабліва на пэнсіянэраў ніхто не зьвяртае ўвагі”.
(Спадарыня: ) “Ураду трэба падумаць, як падняць “дзіцячыя” выплаты. Бо прэзыдэнт кажа, што мы павінныя нараджаць, павінная адраджацца нашая нацыя. Але, прабачце, на гэткія капейкі ніводная жанчына не народзіць больш за адно дзіця”.
(Спадарыня: ) “Я лічу, што нашае кіраўніцтва зусім не зацікаўленае, каб наш народ жыў добра. Абыякава яно да народу ставіцца”.
Адметна, што сярод маіх выпадковых суразмоўцаў не знайшлося ніводнага, хто цяперашнюю працу ўраду ацаніў бы станоўча.
(Карэспандэнтка: ) “Якую ацэнку дзейнасьці ўраду далі бы вы?”
(Спадар: ) “Тройку, ня больш: кошты растуць, заробак не, узровень жыцьця памяншаецца”.
(Спадарыня: ) “Прэтэнзіяў, канечне, шмат: унучка ходзіць у школу хворая, слабая, а ўсё гэта ж клопат дзяржавы павінны быць”.
(Спадар: ) “У цэлым пакуль жывем. Аднак бізнэс разьвіваецца вельмі павольна. Увесь час кажам, што павінна хутчэй прайсьці прыватызацыя, а застаецца ўсё на старым месцы, як і было”.
(Спадарыня: ) “Я ўвогуле расстроены чалавек: шукаю працы, бо скарачаюць. А працаваць трэба, бо кватэра дарагая, жыць няма за што. У нас шмат бамжоў — а куды людзям падзецца?”
(Спадар: ) “Я пажадаў бы, каб меншыя былі падаткі. Людзі павінныя расьці, а як яны будуць расьці, калі ў іх грошай зусім няма?”
(Спадар: ) “Як “бацька” працуе, так і ўрад працуе. Дрэнна”.
Гэтак адказвалі мінакі на пытаньне “Якую ацэнку вы далі б дзейнасьці ўраду краіны?”