Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАШЫНГТОН: АМБАСАДАР ХВАСТОЎ НА "СВАБОДЗЕ"


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Пад час свайго выступу і адказаў на пытаньні амбасадар Хвастоў неаднаразова падкрэсьліваў, што Захад судзіць Беларусь не па фактах, а па ўяўленьнях. Ён таксама заклікаў ЗША памяняць свою палітыку абмежаваных кантактаў на палітыку канструктыўных дачыненьняў зь Беларусяй.

На пачатку амбасадар Хвастоў падаў кароткую гісторыю беларускай сытуацыі і дасягненьняў за апошнія 12 гадоў незалежнасьці краіны. Бальшыня прыведзеных амбасадарам лічбаў мела на мэце пазытыўна прадставіць Беларусь у параўнаньні з іншымі краінамі СНД.

У галіне эканомікі, сказаў спадар Хвастоў, у нас ёсьць 2 прыярытэты: рух да рэформаў і абарона насельніцтва ад цяжкасьцяў пераходнага пэрыяду. Спадар Хвастоў таксама аддаў даніну Аляксандру Лукашэнку за “захаваньне сацыяльнага міру, прадухіленьне нацыяналістычнай вайны ў краіне і забесьпячэньня бясьпекі”.

У галіне замежнай палітыкі Беларусі амбасадар спасылаўся на “шматвэктарнасьць” палітыкі, але асабліва падкрэсьліваў неабходнасьць блізкіх адносінаў з Расеяй з прычыны экспартнага характару беларускай эканомікі. Менавіта эканамічнае супрацоўніцтва зь дзяржавай было галоўным акцэнтам ўсіх адказаў. Відавочна, амбасадар імкнуўся пераканаць журналістаў у эканамічным росьце і стабільнасьці беларускай палітычнай сыстэмы.

“Беларусь – палітычна стабільная краіна. Нашая мэта – канструктыўнае супрацоўніцтва, а не абмежаваныя кантакты.” – заявіў Хвастоў. І як прыклад такога канструктывізму, ён назваў цяперашні офіс АБСЭ ў Менску, што супрацоўнічае зь дзяржавай, а не выключна зь недзяржаўнымі арганізацыямі за сьпінай дзяржавы.

Што да палітыкі дзяржавы адносна палітычных свабодаў і дэмакратызацыі, дык абмасадар Хвастоў заявіў, “разьвіцьцё чалавечых правоў у Беларусі будзе залежыць ад разьвіцьця эканомікі. Недзяржаўныя арганізацыя мусяць супрацоўнічаць зь дзяржавай, а не вінаваціць дзяржаву”.

Пад час брыфінгу было зададзенае пытаньне пра масавую зачыстку і закрыцьцё недзяржаўных і праваахоўных арганізацый, прафсаюзаў і апазыцыйнай прэсы. Гэтыя факты спадар амбасадар агулам ахарактарызаваў як ўяўленьні. “Калі вы захочаце знайсьці нейкі нэгатыў, дык вы знойдзеце гэта ў любой краіне”.

Амбасадар спасылаўся на так званыя законныя падставы закрыцьця апазыцыйных і праваахоўных арганізацый і неперадузятае стаўленьне судовай улады. Аднак ён ня змог прадставіць аніводнага факту, калі б за падобныя ж парушэнньні была папярэджаная або зьліквідаваная хоць адная ляяльная да рэжыму арганізацыя ці газэта.

Што да крытычнага асьвятленьня падзеяў у Беларусі заходняй прэсай, Міхаіл Хвастоў быў амаль карыкатурна катэгарычны: “Ня верце гэтаму!”. Паводле амбасадара, амэрыканцы мусяць самі паехаць у Беларусь і пераканацца, што Беларусь – гэта адкрытае грамадзтва і адкрытая эканоміка, і не павінны верыць прэсе.

Што да працэсу дэмакратызацыі, паводле Хвастова 12 гадоў незалежнасьці гэта занадта малы час, каб дасягнуць у гэтам прагрэсу. На пытаньне, колькі ж часу Беларусі спатрэбіцца, каб дайсьці да дэмакратычных стандартаў хоць бы суседзяў і ці ёсьць наагул такі плян дэмакратызацыі – Хвастоў павярнуў гаворку ізноў да эканамічнага супрацоўніцтва зь дзяржавай.

Таксама катэгарычна амбасадар адказаў і на пытаньні пра супрацоўніцтва Лукашэнкі з рэжымам Садама Хусэйна і асяданьне грошай ад гэтага супрацоўніцтва на прыватных прэзыдэнцкіх рахунках. Хвастоў у прыватнасьці заявіў: “я валодаю сапраўднай сытуацыяй – мы ніколі не гандлявалі зброяй з Іракам, ніколі не трэніравалі ірацкіх вайскоўцаў; усе грошы ад эканамічнага супрацоўніцтва з Іракам ідуць у дзяржаўны бюджэт”.

З усіх адказаў выглядала, што спадар Хвастоў паставіў за мэту абвергнуць ці прынамсі зьмякчыць гэныя “міты” пра рэпрэсіўнасьць рэжыму і паспрабаваць прыцягнуць грошы ў дзяржаўны сэктар эканомікі Беларусі. Ён шмат разоў ужываў слова “давер”, казаў, што ўрады ЗША і Беларусі павінны давяраць адно аднаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG