Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТЭФАН КЭМЭРЛІНГ: “У БЕЛАРУСІ МОЖНА ЎБАЧЫЦЬ САПРАЎДНЫ СТАЛІНСКІ РЭЖЫМ”


Ул. інф.

Усе тры гадзіны ад моманту прыбыцьця ў менскі аэрапорт Штэфан Кэмэрлінг мусіў заставацца ля акенца памежнага кантрольна-прапускнога пункту і не перакрочваць жоўтай лініі. Калі немцу хацелася ў прыбіральню, то яго заўсёды суправаджалі памежнікі (прынамсі ўтрох). Пачуцьці, якія перажыў малады чалавек, паводле ягоных словаў, нельга назваць жахам, аднак яны былі вельмі непрыемныя. Ён адчуваў пастаянную небясьпеку. Увесь час вялася нейкая размова пра беларускія спэцслужбы, і гэта не магло не нэрваваць.

Прыбыцьцё ў аэрапорт прадстаўнікоў нямецкай амбасады, іхны пратэст і перамовы зь беларускім МЗС, кіраўніцтвам памежных войскаў не дапамаглі. Кэмэрлінга, не залежна ад таго, што ў яго ўсё было ў парадку зь візай, дэпартавалі на радзіму. Тлумачэньняў наконт прычынаў зроблена не было. Было хіба што заўважана, што высокія беларускія інстанцыі забаранілі ўезд у краіну некаторым сябрам “Jusos”. За што —таксама не ўдакладнялася.

Тых 65 эўра, якія Штэфан Кэмэрлінг заплаціў за непатрэбную яму беларускую візу, зразумела, не вярнулі. Ніхто зь беларускага боку так і не папрасіў у яго прабачэньня ні за матэрыяльныя, ні за маральныя выдаткі.

Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады гвалтоўна адхілілі немцаў ад удзелу ў сумесных нямецка-беларускіх сэмінарах, сам праект, які скіраваны на дэмакратызацыю Беларусі й папярэдне быў узгоднены на высокім узроўні ў Бэрліне і Менску, не завершыўся. Як паведаміў Штэфан Кэмэрлінг, сябры “Jusos” маюць намер праводзіць сэмінары за межамі Беларусі, а таму будуць запрашаць беларускіх партнэраў у Нямеччыну.

Жаданьня наведаць Беларусь Штэфан Кэмерлінг ды некаторыя іншыя нямецкія сацыялісты ня маюць, хоць гэтая краіна ёсьць сапраўды ўнікальнай.

“Дзе яшчэ можна ўбачыць сапраўдны сталінскі рэжым? — пытаецца 27-гадовы немец і тут жа адказвае: — Толькі калі паедзеш у Беларусь”. Па часе Штэфан Кэмэрлінг будзе яе любым чынам пазьбягаць. “Ня трэба выпрабоўваць лёс”, — лічыць ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG