Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

31 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Лука. Як паведамляе этнограф Уладзімер Васілевіч, у гэты дзень паўсюль спраўлялі восеньскія вясельлі і шчасьлівыя сваты задаволена канстатавалі: “На Лукаша дзеўка наша”.

Гістарычныя падзеі.

31 кастрычніка 1905 году ў Менску адбылася трагедыя, што ўвайшла ў падручнікі пад назваю “Курлоўскі расстрэл”. У гэты дзень каля вакзала – цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім – сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

31 кастрычніка 1937 году карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі – дзяржаўны дзяяч, адзін з завадатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

31 кастрычніка 1961 году цела Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы ў Маскве. Разам зь Ленінам Сталін праляжаў восем гадоў.

31 кастрычніка 1968 году Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі. Пройдзе яшчэ дзесяць гадоў і Максім Танк напіша такі верш:

Абвясьцілі: паэт!
А я ім не зьбіраўся быць,
І не стараўся быць,
І не хацеў быць.
І пра гэта
Добра знае агонь,
На якім я паліў свае вершы.
Я перакананы:
Агонь умее маўчаць.
Няўжо мяне выдаў
Попел?

Сёньня спаўняецца 170 гадоў зь дня нараджэньня Фёдара Леантовіча – гісторыка, які ўсё жыцьцё займаўся мінуўшчынай Вялікага Княства Літоўскага.

І цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

Заўтра Дзяды. Бацькоўская памінальная субота ў праваслаўных і Дзень усіх сьвятых у каталікоў.

Заўтра споўніцца 135 гадоў з дня нараджэньня беларускага гісторыка Зьмітра Даўгялы, 130 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу Івану Замоціну і 70 гадоў беларускаму пісьменьніку Вячаславу Адамчыку. Найболей Адамчык праславіўся сваім раманам “Чужая Бацькаўшчына“, а таксама сваімі сынамі, якія таксама сталі літаратарамі і пішуць пад псэўданімамі Адам Глёбус і Міраслаў Шайбак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG