Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 31 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Минские губернские ведомости”, 1853 год:

“Маніфэстам НАШЫМ, дадзеным у 14 дзень чэрвеня бягучага году, Мы аб’яўляем шаноўным НАШЫМ вернападданым аб прычынах, што змусілі НАС патрабаваць ад Порты Атаманскай цьвёрдага забесьпячэньня на будучы час сьвяшчэнных праў царквы праваслаўнай. МЫ таксама абвесьцілі ім, што ўсе клопаты НАШЫ схіліць Порту мерамі сяброўскага перакананьня, да пачуцьця слушнасьці і добрасумленнага захоўваньня трактатаў заставаліся бескарыснымі; з чаго і заклікана было НАМ неабходным рушыць Войскі НАШЫЯ ў Прыдунайскія Княствы. Але, прыняўшы гэтую меру, МЫ зьберагаем яшчэ надзею, што Порта, усьвядоміўшы ўласныя памылкі, вырашыць выканаць слушныя НАШЫ патрабаваньні. Чаканьні НАШЫЯ ня спраўдзіліся”.

“ЛіМ”, 1953 год. Кандрат Крапіва разважае пра сатырычную камэдыю:

“Добрае і злое ў нашай рэчаіснасьці няроўнамерна. На фоне агульнага станоўчага ў асобных месцах узьнікаюць ачагі адмоўнага. Ачаг адмоўнага зьяўляецца тыповай умовай для разьвіцьця канфлікта, прыгоднага для сатырычнай камэдыі. Канфлікт, у якім з самага пачатку станоўчае значна пераважае над адмоўным, зьяўляецца непрыгодным для сатырычнай камэдыі. Станоўчае мабілізуе свае сілы ў працяглай барацьбе, каб пад канец яе нанесьці сакрушальны ўдар супрацьлеглай старане. Адмоўнае павінна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі камэдыёграфа-сатырыка, як у цэнтры ўвагі хірурга знаходзіцца нарыў на здаровым целе чалавека”.

“Беларус”, 1983 год. Артыкул “Галадоўка разам зь Міхаілам Кукабакам”:

“У Лёндане Гэмстэдзкая Унітарыянская група актывістаў з Амнэсты Інтэрнашэнал з удзелам лёнданскіх Беларусаў, правяла 30 кастрычніка сёлета аднадзённую галадоўку й дэманстрацыю ў абарону Міхаіла Кукабакі, беларускага вязьня сумленьня ў Савецкім Саюзе. Дзень 30-га кастрычніка штогоду адзначаецца іншадумцамі ў Савецкім Саюзе ды іншымі прыхільнікамі ў вольным сьвеце як Дзень Палітычнага Вязьня. Міхаіл Кукабака, які быў засуджаны ў жніўні летась на тры гады суровага лягернага рэжыму, штогоду ў гэты Дзень галадуе на знак пратэсту супраць гвалтаваньня правоў чалавека ў Савецкім Саюзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG