Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЦЕКАЧЫ НА ЎКРАІНУ АДМАЎЛЯЮЦЦА АД БЕЛАРУСКІХ ПАШПАРТАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Сьвятаслава Шапавалава і Ўладзімера Буханава пашпарты савецкага ўзору скралі яшчэ ў 2000 годзе падчас пілігрымкі ў праваслаўныя манастыры Расеі. Цяпер яны адмаўляюцца ад беларускіх пашпартаў з асабістым нумарам.

Распавядае былы настаўнік, а цяпер беспрацоўны Ўладзімер Буханаў.

(Буханаў: ) “Не задавальняе ў пашпарце той асабісты нумар, які замяняе маё праваслаўнае хрысьціянскае імя. Я веру ў словы Евангельля “Адкрыццё Іана Багаслова”, дзе сказана, што ў апошнюю гадзіну вернікам будуць даваць такія нумары, якія называюцца пячаткай зьвера альбо пячаткай антыхрыста. Я не магу пераступіць праз сваю веру”.

Нягледзячы на рэлігійныя перакананьні Ўладзімера Буханава, участковы міліцыянт склаў на яго пратакол за пражываньне без пашпарту і прапіскі. Усьлед за гэтым адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну Гомеля аштрафавала спадара Буханава на 8 тысячаў рублёў.

Рашэньне камісіі Ўладзімер абскардзіў пракурору Гомельскай вобласьці. Ён лічыць, што мясцовыя ўлады парушаюць ня толькі Канстытуцыю, але і падпісаны Беларусьсю Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Зьвяртаўся ў адміністрацыю Лукашэнкі адносна атрыманьня дакумэнта без асабістага нумару і Сьвятаслаў Шапавалаў. Яму прыйшоў адказ з адмовай з абласной пашпартава-візавай службы. Спадар Шапавалаў ня пагаджаецца з такім стаўленьнем да вернікаў.

(Шапавалаў: ) “Мне адказваюць, што ў дзяржаве альтэрнатыўных дакумэнтаў няма. Між тым Канстытуцыя Беларусі сьцьвярджае прыярытэт асобы перад дзяржавай. Канстытуцыя гарантуе мне свабоду веравызнаньня і вераспавяданьня. Мая вера не дазваляе мне мець кадзіраваны пашпарт”.

Яшчэ напачатку 2001 году Экзарх Беларусі Філарэт асабіста зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай прадугледзець магчымасьць атрыманьня пашпартаў для вернікаў без асабістага нумару. Паводле Філарэта, гэтая мера дазволіла бы супакоіць людзей. Аднак гісторыя былых гомельскіх уцекачоў ва Ўкраіну сьведчыць, што рэальных крокаў у гэтым кірунку пакуль ня зроблена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG