Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ ЗАНЕПАКОЕНАЯ ЗАКРЫЦЬЦЁМ “ВЯСНЫ” І ЎЦІСКАМ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ У БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Гэта трэці візыт прадстаўніцы ПА АБСЭ Уты Цапф у Беларусь сёлета, што, на думку кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску Эбэргарда Гайкена, сьведчыць пра “зацікаўленасьць арганізацыі ў разьвіцьці адносінаў зь Беларусьсю з мэтай забесьпячэньня выкананьня ёю абавязкаў у рамках АБСЭ”.

Гэтым разам спадарыня Цапф прыбыла адна. Яна не плянавала сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, затое мяркуе сустрэцца з кіраўніком ягонай адміністрацыі Ўралам Латыпавым, віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым, міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, міністрамі інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам і юстыцыі — Віктарам Галаванавым.

У нацыянальным аэрапорце “Менск” спадарыня Цапф паведаміла, што будзе зьвяртацца з просьбай аб сустрэчы з А.Лукашэнка наступны раз, калі ў Менск прыбудзе ўся рабочая група ПА АБСЭ па Беларусі.

Спадарыня Цапф асабіста спрыяла сёлетняму аднаўленьню паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Вось што адказала спадарыня Цапф на пытаньне, ці прынесла гэтае рашэньне нейкія пазытыўныя зьмены ў сытуацыю з выкананьнем Беларусьсю яе абавязкаў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі:

(Цапф: ) “Я спадзяюся, што падчас маіх сустрэчаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі змагу даведацца пра нейкі прагрэс, але апошнія некалькі месяцаў паказалі поўную адсутнасьць такога прагрэсу. Наадварот, закрываюцца недзяржаўныя арганізацыі й газэты. Такім чынам, няма ніякага прагрэсу, і я шкадую аб гэтым ды мяркую па магчымасьці гаварыць пра гэта тут”.

Спадарыня Цапф у якасьці нэгатыўнага прыкладу нагадала выпадак з закрыцьцём Вярхоўным судом праваабарончага цэнтру “Вясна” ды праблемы ўсіх іншых недзяржаўных арганізацыяў, якім таксама пагражае ліквідацыя. З прадстаўнікамі гэтых арганізацыяў Ута Цапф мяркуе сустрэцца асобна.

Візыт Уты Цапф арганізаваны офісам АБСЭ ў Менску, мандат якога сканчаецца 31 сьнежня гэтага году. У МЗС Беларусі зазначаюць, што для падаўжэньня мандату на наступны год патрэбнае рашэньне Сталай рады, на паседжаньні якой сваю пазыцыю выкажа і Беларусь. Якім можа быць гэтае рашэньне, беларускія ўлады пакуль не гавораць. Кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ Ута Цапф мяркуе, што дзейнасьць офісу АБСЭ будзе працягнутая без асаблівых праблемаў.

(Цапф: ) “Я ня маю ніякіх знакаў, што мандат офісу ня будзе падоўжаны, такім чынам, я ня думаю, што мне патрэбна цяпер гаварыць пра гэта. Мяркую, што і не патрэбныя нейкія новыя перамовы пра статус офісу АБСЭ, таму што ёсьць дамоўленасць аб ягонай рабочай праграме, якая выконваецца даволі дакладна. Таму я ня думаю, што будуць новыя перамовы на гэты конт”, — зазначыла кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG