Сёньня Валеры Мазынскі прыгадваў гісторыю “Вольнае сцэны” зь непрыхаваным болем — гісторыя тэатру сканчаецца.
(Мазынскі: ) “Цяпер мы зьбіраем манаткі й паспрабуем іх закінуць у нейкі далёкі кут”.
Асноўная прычына закрыцьця тэатру, кажа спадар Мазынскі, — гэта агульная сытуацыя ў краіне. Незалежны беларускі тэатар фактычна задушаны непамернымі дзяржаўнымі паборамі.
(Мазынскі: ) “Арэндная плата вялікая. А цяпер Міністэрства культуры хамут яшчэ адзін павесіла — купляць трэба пасьведчаньне на кожны спэктакль. Гэта ў фінансавым пляне яшчэ страшней, чым тая ліцэнзія, якую трэба было купляць раней”.
За права паказу кожнага спэктаклю незалежнаму тэатру трэба заплаціць болей за 300 тысяч рублёў. Прыкладна столькі ж — за арэнду памяшканьня. А яшчэ падаткі. Каб зарабіць такую суму, квіткі мусяць каштаваць як мінімум 20 тысяч рублёў. Такіх грошай ня можа плаціць беларускі глядач. Валеры Мазынскі прыняў пакутлівае рашэньне — дакладней, яго вымусілі прыняць такое рашэньне. На пытаньне, што далей, Валеры Мазынскі са скрухаю сказаў:
(Мазынскі: ) “Гэта вельмі цяжка. Цяжка нават думаць пра гэта, ня тое што гаварыць… У мяне цяпер жаданьне проста разьвітацца з тэатрам. Я ўсур’ёз пра гэта думаю — проста разьвітацца назаўсёды і заняцца чым-небудзь іншым. Хаця сілы яшчэ на тэатар ёсьць, але…”
“Вольная сцэна” нараджалася тройчы. Першы раз на пачатку 1990-х на Малой сцэне тэатру імя Янкі Купалы спэктаклем “Ку-ку” паводле п’есы Міколы Арахоўскага. Тэатар у тэатры задумваўся як творчая лябараторыя для працы з маладымі беларускімі драматургамі. І калі празь некалькі гадоў новы тэатар займеў уласнае памяшканьне, то гэта было яго другое нараджэньне. Многія з падтрыманых “Вольнаю сцэнаю” пачаткоўцаў зрабіліся сталымі яе аўтарамі. Неўзабаве “Вольная сцэна” стала адной з самых папулярных у менскіх тэатралаў ды з посьпехам пачала выступаць на міжнародных фэстах.
Многія спэктаклі тэатру мелі востра сатырычны ці адкрыта злабадзённы зьмест, што не спадабалася ўладам, і стваральнік і нязьменны кіраўнік “Вольнае сцэны” Валеры Мазынскі быў звольнены з працы. Тады ён стварыў незалежны тэатар з ранейшаю назваю. Гэта было тры гады таму.