Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРУГЛЯНСКІМ ЖАНЧЫНАМ ТРЭБА РАДЖАЦЬ ЗА ДЗЯСЯТКІ КІЛЯМЭТРАЎ АД ДОМУ


Марыя Ўсьціновіч, Круглянскі раён

У сельскіх раёнах Магілёўскай вобласьці вядзецца рэструктурызацыя мэдычнай сфэры. Выдаткі на мэдычнае абслугоўваньне аднаго жыхара Круглянскага раёну павінны складаць 86 тысяч рублёў на год, фінансаваньне паменшылася, таму і давялося зачыніць радзільнае аддзяленьне.

У Крулянскім раёне на год прыпадае прыкладна 150 родаў. Цяпер цяжарных жанчын накіроўваюць на роды ў Бялынічы за 30 кілямэтраў альбо ў Магілёў — за 70 кілямэтраў. Вось якія парады дае жанчынам акушэр-гінэколяг Уладзімер Раманаў:

(Раманаў: ) “Вам трэба пры сабе мець яшчэ і каністру з бэнзынам. А раптам ня будзе паліва на хуткай, ня будзе на чым вас адвезьці? Ці грошы, каб заправіць машыну хуткай дапамогі”.

Акушэрка Алена адмоўна ставіцца да закрыцьця радзільнага дому, і ёй сорамна за тое, што трэба казаць цяжарным жанчынам пра грошы ды паліва:

(Алена: ) “Прыйшла ўчора жанчына стаць на ўлік, яна будзе раджаць шостае дзіця. Што ёй можна сказаць? Адкуль у яе зь сяла тыя грошы будуць і той бэнзын?”

Алеся з Круглага і Натальля зь Цяцерына, якія рыхтуюцца стаць маці, адразу заявілі, што ў іх няма грошай на бэнзын.

(Алеся: ) “Як у мяне цяпер муж не працуе і я на біржы стаю, у мяне такога няма, каб вазілі”.

(Натальля: ) “А што цяпер, на край сьвету ехаць раджаць, невядома куды?”

(Алеся: ) “Лепш у Круглым — блізка ад дому, ня так страшна”.

Далёка ад дому маладыя маці пазбаўленыя ўвагі і падтрымкі сваякоў. Менавіта гэта хвалюе Тацяну, якая днямі паедзе нараджаць у Магілёў:

(Тацяна: ) “Лепш, канечне, было б у Круглым. Тут і сваякі, і муж. Паспрабуйце дабярыцеся штодня. Падтрымка ўсё ж шмат значыць”.

Жанчыны з Круглянскага раёну вінавацяць у гэтых праблемах дзяржаву:

(Спадарыня: ) “Дзяржава! Хто ж яшчэ вінаваты? Канечне, дзяржава. Я лічу, гэта вельмі дрэнна, што яны зачынілі раддом”.

Доктар Уладзімер Раманаў лічыць закрыцьцё радзільнага аддзяленьня памылкай, якую потым прыйдзецца выпраўляць:

(Раманаў: ) “Проста дзяржава, відаць, ня мае грошай, і яна імкнецца падпарадкаваць нашую ахову здароўя пад бюджэт. Ня так, каб людзям было лепей. Даслалі загад, зачынілі, і ўсё”.

Ад закрыцьця радзільнага аддзяленьня пацярпелі ня толькі ягоныя пацыенткі, аднак і супрацоўнікі. Іх працаўладкавалі ў іншых месцах, а вось пэнсіянэрам давялося сысьці. Мэдыкі хвалююцца, бо рэструктурызацыя сфэры аховы здароўя прадугледжвае яшчэ большыя скарачэньні. Ёсьць зьвесткі пра пляны закрыцьця ў Круглянскім раёне некалькіх ФАПаў, а таксама інфэкцыйнага і апэратыўнага хірургічнага аддзяленьняў у раённым шпіталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG