Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСЫ НЯ МАЮЦЬ СЫСТЭМЫ СЭКСУАЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ?


Сьвятлана Курс, Менск

У сельскай амбуляторыі Любаньскага раёну гутару з трохгадовым Алёшам Драздом пра сэкс:

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, адкуль бяруцца дзеці?”

(Алёша: ) “З дому!”

(Карэспандэнтка: ) “Дзеці бяруцца з дому?”

(Алёша: ) “Так. Іх вядуць з дому мамы й таты”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось адкуль яны бяруцца?”

(Алёша: ) “Ага”.

30-гадовы бацька Алёшы, трохі нецьвярозы настаўнік фізкультуры Сяргей Дрозд, абяцае пільна заняцца сэкс-адукацыяй сына.

(Сяргей: ) “Дзеці не бяруцца з капусты. У 8–10 гадоў я раскажу яму, адкуль зьявіліся дзеці. Усе праблемы, што ўзьнікаюць — непажаданая цяжарнасьць, захворваньні, гэта з прычыны таго, што нашыя людзі ня ведаюць, як і чым карыстацца”.

Прыём у амбуляторыі вядзе 34-гадовая дакторка, сястра якой выйшла замуж у Бэрлін. Спадарыня Аксана таксама лічыць, што дзяцей трэба адукоўваць з маленства, як гэта робяць яе сваякі Дытэр і Рэгіна.

(Аксана: ) “У Бэрліне ёсьць інстытут анатоміі, куды прыводзяць дзяцей зь дзіцячага садка. Экскурсавод паказвае ім органы чалавечага цела, у тым ліку полавыя. Трохі старэйшым ужо паказваюць макет маткі, у якой уладкаваўся дзіцёнак. Калі дзіця гэта бачыць і ведае, яно само вырашае, уступаць яму ў сэксуальныя сувязі альбо не”.

Шарлен Сьміт, журналістка з Паўднёвай Афрыкі, дасьледніца праблемаў сэксуальнага гвалту, кажа:

(Сьміт: ) “Я гавару тым бацькам, якія не жадаюць расказваць дзецям пра сэкс: “Калі вы ня будзеце ім пра гэта казаць, вы можаце іх забіць”. Бо ва ўсім сьвеце бальшыню ВІЧ-інфікаваных складаюць падлеткі й тыя, каму ледзь за 20. Адразу ж, калі дзіця задае пытаньне: “Адкуль бяруцца дзеці?”, вы мусіце даць шчыры й прамы адказ, простымі й пацешнымі выразамі. Сваім дзецям я спачатку расказала, чым розьняцца хлопчыкі й дзяўчынкі. І калі тата й мама кахаюць адно аднаго ды жадаюць мець дзіця, тады тата ўкладвае свой пэніс у похву мамы. (Важна, каб вы называлі рэчы тэрміналягічна: пэніс і похва).

Тады з татавага пэнісу зьяўляецца шмат-шмат маленькіх спэрматазоідаў, і ўсім ім трэба быць добрымі плыўцамі, бо толькі той, хто прыйдзе да фінішу першым, здолее зрабіць дзіцёнка. Спэрматазоід-чэмпіён пранікае ў глыбіню яечка, якое ёсьць у мамы. Зь іх злучэньня ўзьнікае дзіця. І калі вы апавядаеце дзіцёнку такім чынам, яму так падабаецца гэтая гісторыя, няма ніякіх няёмкасьцяў. У такога дзіцяці ніколі ня будзе парнаграфічнага стаўленьня да сэксу”.

У беларускіх садках няма праграмы сэксуальнага выхаваньня. Дзеці разам сядзяць на гаршках ды зь цікавасьцю разглядаюць тое, чым розьняцца хлапчукі ад дзяўчынак. Потым дзеці пойдуць у школу, але й там няма адмысловай праграмы. Два-тры параграфы па біялёгіі, якія даюць для хатняга вывучэньня — бадай, і ўся адукацыя.

Між тым, два беларускія падлеткі з трох пачынаюць займацца сэксам у старэйшых клясах школы. Адзін з шасьці падлеткаў кажа, што займаўся сэксам без прэзэрватыва. А адзін зь пяці займаўся небясьпечным сэксам пад узьдзеяньнем алькаголя й наркотыкаў.

Менскі “Макдональдз” пры Кастрычніцкім пляцы — месца збору модных падлеткаў. Пытаюся ў гуртка вельмі “крутых” дзяўчынак школьнага веку, ці патрэбная ім у школах сэксуальная адукацыя.

(Дзяўчынка, 15 гадоў: ) “Натуральна, трэба. Калі дзеці інфармаваныя, яны застрахаваныя ад памылак”.

(Дзяўчынка, 14 гадоў: ) “Я лічу, што сэксуальнае выхаваньне ў школах заўжды патрэбнае. У нас выхаваньне на нізкім узроўні ў параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы”.

(Дзяўчынка, 15 гадоў: ) “А я нязгодная. Гледзячы ў якім ракурсе гэтае выхаваньне. Не лічу, што дзеці ў школе павінны вучыцца атрымліваць задавальненьне”.

Да размовы падлучаюцца дзьве пажылыя дамы:

(Пажылая спадарыня: ) “Дзеці шмат чаго не разумеюць, даведваюцца адно ад аднаго, а гэта вельмі кепска”.

(Ейная сяброўка: ) “Я ў іншай краіне жыву, у Ізраілі. Там усё вельмі добра. Яны там рана сыходзяць з дому, дзяўчаты з хлопцамі здымаюць кватэры, жывуць, там сапраўды ўсё па-іншаму”.

Адкуль сучасныя падлеткі даведваюцца “пра гэта”?

(Лена, 13 гадоў: ) “Праз тэлевізію, з часопісаў, газет, з размоваў зь іншымі людзьмі”.

(Яе сяброўка: ) “Ёсьць процьма кніг пра сэкс. Я лічу, што ў сям’і мусяць расказаць”.

(Лена: ) “Гледзячы, якія бацькі, якія ўзаемаадносіны паміж імі”.

(Дзяўчынка, 13 гадоў: ) “Каб яны не залежалі ад бацькоў, каб бацькі больш не ўплывалі на дзяцей”, — дзяўчынка гідліва крывіцца.

Відаць, сама думка пра бацькоўскі сэкс ёй непрыемная. Гэта распаўсюджаны сындром сярод падлеткаў: ім гідка, што тата з мамай таксама займаюцца гэтым. Да свайго сэксуальнага дэбюту з бацькамі гаварылі пра сэкс толькі 11% апытаных падлеткаў. І гэта яшчэ адная прычына для таго, каб дзецям распавядаў пра сэкс-выхаваньне чужы, але добры й адукаваны чалавек.

Пастар адной з пратэстанцкіх цэркваў Дзьмітры напаўлегальна вядзе ў школах курс сэксуальнага выхаваньня. Кажа, што школьныя адміністрацыі употай ад РАНА запрашаюць яго чытаць лекцыі й весьці сэмінары зь дзецьмі. Дзьмітры расказвае дзецям пра ўсё, але стараецца, каб яны ўстрымліваліся ад раньняга дэбюту.

(Дзьмітры: ) “Дзеці павінны ведаць, адкуль бяруцца дзеці. Пра гэта мусяць сказаць ім бацькі. Інакш яны возьмуць інфармацыю з парнаграфічнай прэсы і мэдыяў. Калі вы не размаўляеце са сваімі дзяцьмі пра сэкс, паміж вамі паўстае сьцяна. Сорам — гэтая сьцяна. Між тым, сэкс стварыў Бог. Трэба проста ведаць, што добра, а што кепска. Сэкс паміж мужам і жонкаю — добра. Паміж хлопцам і дзяўчынаю — кепска. Кожны чалавек мусіць сам вырашыць, чаму гэта кепска. Хваробы (найстрашнейшая — СНІД) прыходзяць ня проста так. За грахом ідзе праклён”.

У Заходняй Эўропе ўзрост сэксуальнага дэбюту — 15–16 гадоў. У Беларусі — 14–15. У краінах Паўночнай Эўропы ды Нідэрляндах, дзе цярпімае стаўленьне да сэксуальнасьці, дзе працуе сыстэма адпаведнага выхаваньня, век сэксуальнага дэбюту складае 18 гадоў.

Гутару з кіраўніком Менскага сэксалягічнага цэнтру Дзьмітрыем Капусьціным:

(Капусьцін: ) “Такога прадмету ў школе няма. Інфармацыя падлеткам паступае зь невядомых крыніц, у асноўным СМІ й інфармацыя ад раўналетак. Але сэксуальнасьць чалавека закладваецца яшчэ пры цяжарнасьці, калі закладваецца ягоны пол. Сэксуальная рэакцыя дзіцяці ёсьць яшчэ ва ўлоньні маці. Праблемы і комплексы дзіцяці закладваюцца ў першыя два-пяць гадоў жыцьця. І тут праблема, што нашыя маці не імкнуцца выхоўваць асобу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці праўда, што нашыя падлеткі пачынаюць полавае жыцьцё ў сярэднім у 12–14 гадоў?”

(Капусьцін: ) “Некалі я праводзіў экспэртызу 9-гадовай прастытуткі. Але гэта не сыстэма. У 1996 годзе мы праводзілі дасьледаваньне школьнікаў. Апытаўшы 600 дзяўчат, мы выявілі, што толькі 20 жылі полавым жыцьцём. Некалькі год таму тэлефануе мне дзяўчынка 19 гадоў: дапамажыце пазбавіцца ад цноты. Я думаю: цнатлівы шлюб альбо вагінізм. Кажу: “Прыйдзіце з мужам”. — “Няма мужа”. — “Прыйдзіце з каханкам”. — “Няма каханка”. — “Дык у чым праблема?!” — “Я ў нашай студэнцкай групе адзіная цнатліўка!” Мы не навучылі дзіцёнка жыць сваім жыцьцём, а ня ў статку”.

63% апытаных падлеткаў ва ўзросьце 15–17 гадоў заявілі: “Добра было б пачакаць з сэксам, але ніхто гэтага ня робіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG