Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч
(Ракіцкі: ) "Калі чалавеку нечага бракуе, ён імкнецца прыдбаць гэта самымі рознымі шляхамі. Калі нечага бракуе дзяржаве, яна дзейнічае гэтаксама, як і чалавек, і тым самым як бы аднаўляе пачуцьцё дзяржаўнай уладкаванасьці. Адным са спосабаў дасягненьня ўсяго гэтага і зьяўляецца гандаль. Менавіта па тым, што завозяць, што прадаюць і можна казаць, чаго не хапае жыхарам пэўнай дзяржавы дзеля поўнага шчасьця. Ці наадварот – чаго ў той ці іншай дзяржаве зашмат. Дык чаго ж вось з гэтага гледзішча не хапала беларусам у іхнай мінуўшчыне?"
(Здановіч: ) "Беларусы – народ, які паводле сваёй псыхалёгіі імкнецца мець усё "ня горш, як у людзей" (гэта значыць у суседзяў), імкнучыся да матэрыяльных выгодаў, набываючы, па магчымасьці, самае новае, перадавое. Аб'ектыўна – праз рэчы – яны далучаліся да духоўных каштоўнасьцяў, бо мода, стыль, лад жыцьця складаюцца менавіта з такіх асобных крупіцаў побыту. І так паступова беларуская культура набывала эўрапейскасьць".
(Ракіцкі: ) "Маім госьцем – археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, а чаго ж найчасьцей бракавала беларусам?"
(Здановіч: ) "Некаторых рэчаў бракуе беларусам ўжо восемсот гадоў, а можа і болей. Прыкладам, сярод тавараў зь Любліну, якія правозіліся яшчэ ў 1583 годзе празь берасьцейскую мытню пазначаныя: перац, фігі, разынкі, гвазьдзіка, квет мушкатавы, цынамон, мігдалы, селядцы і віно. Адзначым яшчэ менш экзатычныя рэчы: звыклае нам насеньне цыбульнае, агурковае, кмен, сьлівы і г. д. Чытаючы архівы, сучасны чалавек сутыкаецца і з загадкавымі таварамі (прыкладам, мы ня ведаем, што такое валасацік, колькасьць якога вымяралася на вагу)".
(Ракіцкі: ) "Здаецца, усё, што Вы зараз пералічылі, тычыцца харчаваньня. Але ж, напэўна, ня толькі ежа ці прыправы цікавілі беларусаў у Любліне ці Торуне?"
(Здановіч: ) "Прывозіліся, пераважна тавары модныя і патрэбныя, а ня толькі ежа. Мода – рэч зьменьлівая. Тут мытныя кнігі значна дапаўняе археалёгія. Мы ведаем з матэрыялаў раскопак у Полацку і ў Гародні, што ў ХІ – ХІІ стст., у шмат якія гарады Беларусі з гарадоў Прычарнамор'я, зь Бізантыі, з Кіеву прывозіліся шкляныя і мэталічныя ўпрыгожваньні: бранзалеты, пярсьцёнкі, пацеркі. Таксама ва ўсе часы імкнуліся завозіць якасную зброю.
Наагул, у Беларусі дэфіцытны тавар – гэта мэталы і вырабы зь іх. З гэтага віду тавараў найчасьцей сустракаюцца ў мытных кнігах нажы вугорскія і паўвугорскія (сярэднія і малыя). У 1583 годзе адзін з купцоў зь Любліну прывёз іх адразу 1650 адзінак. Пазначаецца ўвоз вазоў жалеза, а таксама сталі, волава, сьвінцу".
(Ракіцкі: ) "Мы з вамі загаварылі зараз пра "вялікі бізнэс", гандаль стратэгічнымі таварамі, які, у пэўнай ступені, кантралявала і дзяржава. Але ж яшчэ былі дробныя гандляры, якіх тады называлі купцамі, а зараз – чаўнакамі. У далёкай мінуўшчыне якія тавары завозілі гэтыя дробныя гандляры?"
(Здановіч: ) "Найперш завозіліся ўсялякія эўрапейскія віды тканінаў, а таксама вырабы зь іх. У тых жа мытных дакумэнтах вядомыя, як прывазныя: шоўк, бархан, ніцяное золата, аксаміт рэцыфэт і кгамаін, сукно зеленагурскае, поланкгейскае, анкглейскае, мураўскае, палатно коленскае чорнае, палатно кглокгаўскае, шоўк і кітайка. З шытых рэчаў найбольш папулярныя шапкі: фалдровыя, мэтлевыя, альбо, як іх называюць разам – шапкі паспалітыя, яшчэ часам чапцы мураўскія – ужо дамскі від упрагожваньня".
(Ракіцкі: ) "У Беларусі такі клімат, што традыцыйна, здаецца, папулярныя і вырабы са скуры. Дык што, скуру не завозілі?"
(Здановіч: ) "Згодна мытных матэрыялаў скуру і скураныя вырабы завозілі значна радзей, як выключэньне (саф’ян, паясы да шабель). Беларусы самі імкнуліся экспартаваць скураныя вырабы і, найперш, вырабленую скуру".
(Ракіцкі: ) "Вы крыху ніжэй пералічвалі розныя экзатычныя віды тканінаў, і, падаецца, што гэтыя тавары прывозіліся з Захаду. А што ўвозілі беларусы з усходу – з Расейскай дзяржавы".
(Здановіч: ) "Адзначаецца ўвоз, пераважна, футра і скуры розных зьвяроў. Пры чытаньні мытных кнігаў перад вачыма праходзіць увесь жывёльны сьвет: скуркі вавёрак, куніц, лісіц, гарнастаяў, выдры, рысі, норкі, не кажучы ўжо пра менш экзатычнах жывёлаў, накшталт вепрукоў і хатніх жывёлаў".
(Ракіцкі: ) "Усе пералічаныя вамі тавары мы ўяўляем паводле апісаньняў, ці можам уявіць іх, разглядаючы магнацкія партрэты, дзе ў адзеньні вельмі старанна выпісвалася фактура тканіны ці арнамэнт на ёй. А вось ці можна што-небудзь з тых даўнейшых імпартовых рэчаў пакратаць рукамі, адчуць іх рэальнасьць сёньня? Ці захавалася што-небудзь?"
(Здановіч: ) "У гэтым нам дапамагаюць пераважна археолягі. У мытных запісах канца XVІ ст. мы чытаем, што "мешчанін берасьцейскі меў “белыя і паліваныя гаршчкі", ці вазы “скляніцаў” і “склашыбаў” з польскага гораду Ілжы. Шкляны і паліваны посуд тады толькі ўваходзіў у моду ў Заходняй Эўропе. Таму ня дзіўна, што берасьцейскія, кобрынскія купцы прывозяць іх вазамі. Мы знаходзім рэшткі гэтых былых тавараў падчас раскопак замкаў: Мірскага, Лідзкага, Гальшанскага."
(Ракіцкі: ) "Мяркуючы па ўсім, гандаль быў пастаўлены на "шырокую нагу". Беларусаў XVІ – XVІІ стст. можна назваць нацыяй камэрсантаў?"
(Здановіч: ) "Я думаю, што зь вялікай доляй верагоднасьці, так. Купцы Магілёву ўвозілі заходнеэўрапейскія тавары ня толькі на сваю патрэбу, але і для продажу ў Расею. Гэта – сукно, шоўк, палатно, галантарэйныя вырабы (панчохі, пальчаткі, шапкі, паясы, шаўковыя стужкі), гральныя карты, люстэркі. Таксама экспартавалі ўжо сшытае з гэтых замежных тканінаў адзеньне, якое шылася непасрэдна ў Магілёве і вывозілася ў Маскву і далей. Карысталіся попытам у Расеі й мэталічныя вырабы з Эўропы. Ма знаходзім у мытных кнігах Магілёва запісы пра прызначаныя на экспарт нажы, косы, цьвікі, голкі, дрот. Дзяліліся беларусы і прыправамі, і паперай".
(Ракіцкі: ) "Ага, набывалі і перапрадавалі, карысталіся, так бы мовіць, выслоўем “хопіць нам і людзям, яшчэ і прадаваць будзем...”?".
(Здановіч: ) "Гэтае выслоўе тычылася ня толькі магілёўцаў, але і гандляроў з Полацку ды іншых гарадоў Беларусі. Часам партыі вывезеных тавараў былі даволі буйныя. Мяркуйце самі: Сьцяпан Данілаў, мешчанін з Магілёву прывез у Маскву “тры фасы нажоў вугорскіх, паўтары тысячы косаў, пятнаццаць паловак чаранкоў, сем паўанглінскіх паловак (тканіны, значыць), аглінскую пачэту” – гэта ўсё яўна прывезена з заходніх межаў Беларусі. І неабавязкова беларускія купцы самі вазілі тавар ў Масковію, рызыкуючы таварам і сваім жыцьцём. Часта Беларусь была той тэрыторыяй, на якой адбываўся абмен таварамі. У гэтым пераконваешся, чытаючы запісы Віцебскай мытні 1605 году:
“Маісей Бонцін, Маскаль зь Белага, прывёз у Віцебск на адным струзе: Маскоўскага мыла 230 касякоў, пянькі камень, рукавіц галіц 140 пар, рукавіц вязаных 37 пар, сукна сярмяжнага 25 канцоў, у іх локцяў 250, палатна грубага і тонкага 20 канцоў, у іх локцяў 200,... аўчын 90. Той жа Маісей Бонцін, Маскавіцянін зь Белага, павёз назад у Белы, на 7 стругах: солі 185 мяхоў, селядцоў 50 кадушак, сьвечнага сала 195 камянёў, імбіру 4 каменя. Коней 2, куплена за 40 коп.”
(Ракіцкі: ) "Якія менавіта тавары лічыліся самамі выгаднымі для продажу?"
(Здановіч: ) "Апрача самых модных і новых тавараў былі адвечныя тавары, якія былі выгодныя заўсёды для большасьці эўрапейскіх дзяржаваў – гэта напоі й соль. Недарэмна "права складу" солі дамагаліся ад караля ці вялікага князя цэлыя гарады. Прыкладам, у 1562 годзе спэцыяльным каралеўскім лістом такое права надалося Берасьці, і адначасна забаранялася набываць соль заходнім землям Гарадзеншчыны ў абыход Берасьця.
У XVІІ ст. нават зьяўляюцца гандляры, што спэцыялізуюцца толькі на продажы солі. Зь пісьмовых крыніцаў вядомыя гэтак званыя "саляныя крамкі" у розных гарадах. У сярэдзіне XVІІ ст. у Слуцку ажно васемнаццаць гандляроў гандлявалі сольлю, у Копысе іх было чатыры. Дзяржава трымала пад кантролем салявую манаполію, і гандляры канкуравалі паміж сабою за набыцьцё гэтай манаполіі".
(Ракіцкі: ) "Як вядома, яшчэ адзін вельмі выгодны для дзяржавы тавар – гэта зброя. Тавар стратэгічны, тут можна найболей узяць грошай. Ці гандлявалі беларусы ў мінулым гэтым таварам?"
(Здановіч: ) "У матэрыялах магілёўскай мытні пачатку XVІІ ст. распавядаецца пра вайсковы тавар, які правозіўся у рускую дзяржаву – гэта сьвінец, порах, лукі, стрэлы і паўпішчалі. Але дасьледчыкі адзначаюць, што гэты тавар – рэдкасьць у замежным гандлі. Гэта і зразумела: вельмі небясьпечна прадаваць зброю, тым больш суседзям. Ня варта мацаваць чужую абароназдольнасьць, бо дзе гарантыя, што ў пагоні за сёньняшняй капейкай не страціш заўтра ўсё – Сярэднявечча гэтаму вельмі добра вучыць".
(Ракіцкі: ) "Ведаеце, спадарыня Ніна, нядаўна я прачытаў кніжку нашага вядомага фальклярыста Ўладзімера Васілевіча, якая называецца "Зямля стаіць пасярод сьвету". Цікавы назоў, і гэта пра Беларусь. Ці не адлюстроўвае гэты назоў сутнасьць нашага гістарычнага існаваньня, у тым ліку, і ў гандлі?"
(Здановіч: ) "Так, абмен рэчамі й гандаль таварамі ў Беларусі прасочваецца яшчэ ад першабытных часоў. Паміж Эўропай і Масковіяй – тут існавала спрадвеку нашая зямля. Эўрапейская кухня, эўрапейская мода, урэшце, эўрапейскі лад жыцьця – тое, што беларусы ня толькі набылі, як ускосны прадукт гандлёвай дзейнасьці, але актыўна распаўсюджвалі далей – на ўсход, шчодра дзелячыся са сваімі ўсходнімі суседзямі тым, што давала ім Эўропа".