Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – РАССТРЭЛ БЕЛАРУСКІХ ПАЭТАЎ


Ул. інф.

30 кастрычніка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У зьвязку з гэтым варта нагадаць, што 30 кастрычніка 1937 году ў Менску НКВД працягвала расстрэлы беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтым разам былі забітыя Янка Нёманскі, Тодар Кляшторны і зусім маладзенькі Юлі Таўбін. Таўбін толькі пачынаў свой шлях у літаратуры і пісаў наіўныя вершы:

Нас мільёны... Мы інакшай,
Лепшай долі кавалі,
Гэту долю, гэта шчасьце
Нам крывёю здабылі...

Гэта быў апошні групавы расстрэл паэтаў у Менску. Верагодна таму, што паэтаў болей не засталося. Усе, каго не забілі, ужо былі высланыя ў ГУЛАГ.

10 кастрычніка 1988 году, 15 гадоў таму, у Менску адбыўся мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму, які быў гвалтоўна разагнаны камуністычнымі ўладамі.

А яшчэ сёньня спаўняецца 30 гадоў як у Менску адкрылі Палац мастацтваў – добра вядомы, але ня самы прыгожы і зручны будынак у беларускай сталіцы. Варта сказаць, што гэты твор архітэктара Мусінскага стаіць на старажытных могілках і захінае сабою каталіцкую бажніцу сьвятога Роха.

30 кастрычніка 1905 году нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх масткоў ХХ стагодзьдзя – Андрэй Бембель. Пры ягоным удзеле будаваліся сёньняшнія менскія прыкметнасьці – Дому ўраду, помнік Перамогі, а таксама мэмарыялы Берасьцейская крэпасьць і Курган Славы.

30 кастрычніка 1947 году нарадзіўся галоўны беларускі балетмайстар Валянцін Елізар’еў. Калісьці ён прыехаў у Менск зь Ленінграду і паставіў “Спартака“. Пасьля былі яшчэ знакамітыя пастаноўкі “Страсьці або Рагнеда“, “Вясна сьвяшчэнная“, “Сон у летнюю ноч“ ды шмат іншых.

30 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт і філёзаф Поль Валеры, амэрыканскі паэт-авангардыст Эзра Паўнд і аргентынскі футбаліст Дыега Марадона, якога называюць легендай усясьветнага футболу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG