Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 30 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1963 год. Афіцыйнае паведамленьне “Ў Цэнтральным Камітэце КП Беларусі”:

“Калгас імя Адама Міцкевіча Ваўкавыскага вытворчага ўпраўленьня праводзіць вялікую работу па арганізацыі інтэнсіўнага адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы. Гэтае эфэктыўнае мерапрыемства дазваляе значна зьменшыць затраты кармоў і працы на вытворчасьць мяса, зьніжаць яго сабекошт, скарачаць пэрыяд адкорму жывёлы, даваць дзяржаве прадукцыю вышэйшай якасьці і атрымліваць ад гэтага вялікую эканамічную выгаду. Цэнтральны Камітэт КП Беларусі адобрыў ініцыятыву сельгасарцелі імя Адама Міцкевіча па арганізацыі інтэнсіўнага адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы”.

“Знамя юности”, 1973 год:

“Ленінскі камсамол, уся савецкая моладзь глыбока смуткуюць з нагоды сьмерці вядомага героя грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, выдатнага палкаводца, кандыдата ў сябры ЦК КПСС, сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, тройчы Героя Савецкага Саюзу, Маршала Савецкага Саюзу Сямёна Міхайлавіча Будзёнага. Легендарны камандарм Першай Коннай у грамадзянскую вайну, палкаводзец Вялікай Айчыннай вайны Сямён Міхайлавіч Будзённы быў добрым сябрам і настаўнікам юнацтва Краіны Саветаў. Для савецкай моладзі слова “будзёнаўка” сымбалізуе рэвалюцыйную страснасьць, мужнасьць і самаахвярнасьць у барацьбе за справу працоўнага люду. Як найбольш каштоўную сьвятыню зьберагае Ленінскі камсамол асьвечаную славай перамог над ворагамі радзімы баявую шашку камандарма, якую Сямён Міхайлавіч Будзённы ўручыў маладому пакаленьню Краіны Саветаў на ХVI зьезьдзе ВЛКСМ”.

“Советская Белоруссия”, 1983 год. Да юбілею Ігара Дабралюбава:

“Прэм’ера фільму — канечне, найбольш напружаны момант для яго стваральнікаў. Удвая хвалюючай падзеяй зрабіўся для вядомага беларускага кінарэжысэра, ляўрэата прэміі Ленінскага камсамолу рэспублікі Ігара Міхайлавіча Дабралюбава дэбют ягонага новага фільму “Белыя росы”. Працу над гэтай карцінай майстар скончыў напярэдадні свайго 50-годзьдзя. Прэм’ера “Белых рос” адбылася на аўтарскай вечарыне, якая прайшла ў кінатэатры “Кастрычнік”. Кінакарціна, створаная паводле сцэнара Аляксея Дударава, — усхваляваны аповед пра лёс вёскі, якую прыціснулі гарадзкія гмахі. Пра лёс простых і добрых людзей зь іх жыцьцёвымі маркотамі і радасьцямі. Пра каханьне й пакуты. Паводле жанру гэты фільм — камэдыя-роздум”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG