(Дракахруст: ) “Спадар Мітэ, апошні раз вы былі ў Іраку ў траўні. Якія зьмены ў будзёным жыцьці людзей, прынамсі, багдадцаў адбыліся за гэты час?”
(Мітэ: ) “Горад стаў больш чыстым, ідзе будаўніцтва. Што кідаецца ў вочы ў параўнаньні з траўнем – гэта прысутнасьць ірацкіх паліцыянтаў. Іх ўжо шмат, яны рэгуляюць рух транспарту і ахоўваюць будынкі. Яны вераць у сваю місію, у тое, што яны робяць. Раней гэтага не было.
Цяпер працуюць школы, але настаўнікі атрымліваюць папярэджаньні, ім пагражаюць, каб яны не вучылі дзяцей. Перабоі з электрычнасьцю як былі, гэтак і засталіся. Але, скажам, чэргі каля заправак паменшыліся ў 10-20 разоў. Калі і ёсьць чэргі – то ня болей як 10-15 машынаў. Запраўкі ўжо не ахоўваюцца амэрыканскімі жаўнерамі.”
(Дракахруст: ) “Валянцінас, хваля тэрору ў Іраку не спадае. Учора толькі ў Багдадзе адбылося 6 тэрактаў, гэтай ноччу пад Багдадам быў падарваны амэрыканскі танк. Хто гэтыя тэрарысты, чаго яны дамагаюцца?”
(Мітэ: ) “Супраціў адбываецца ў суніцкім трохкутніку. Я ня думаю, што гэты супраціў зыходзіць толькі ад людзей, якія падтрымлівалі Хусэйна ці ад замежных тэрарыстаў. Часткова прычына гэтага ў тым, што суніты, а іх каля 20%, ўпершыню ў ірацкай гісторыі, здаецца, ня будуць кіраваць краінай.
Шыіты складаюць 60% насельніцтва Іраку. І калі выбары будуць паводле прынцыпу "адзін чалавек – адзін голас", улада пяройдзе да шыітаў. А канфэсійная прыналежнасьць тут мае большае значэньне, чым нацыянальная – этнічна яны ўсе арабы.”
(Дракахруст: ) “Як складаюцца адносіны паміж гэтымі асноўнымі канфэсіямі Іраку, пераважае гатоўнасьць да супрацоўніцтва ці варожасьць, можа нават нянавісьць?”
(Мітэ: ) “Гэтая нянавісьць заўважная ў штодзёным жыцьці. Яна не прыймае гвалтоўныя формы, бо ёсьць амэрыканцы – гэта стабілізуючая сіла. Цяпер большасьць людзей хоча, каб улада як мага хутчэй была перададзеная ірацкаму ўраду. Але калі іракцам задаеш пытаньне, ці ня будзе грамадзянскай вайны, калі амэрыканцы сыйдуць, гучаць адказы, што лепш бы амэрыканцы засталіся, бо грамадзянская вайна будзе непазьбежнай. Адказ залежыць ад таго, як фармулюеш пытаньне.”
(Дракахруст: ) “Валянцінас, ізноў да тэмы тэрору. Як рэагуюць на яго звычайныя іракцы і амэрыканскія жаўнеры?”
(Мітэ: ) “Я мінулую суботу, нядзелю і панядзелак быў у Тыкрыце разам з амэрыканскімі войскамі. Амэрыканскія салдаты казалі мне, што гэтыя тэракты ня маюць аніякага ваеннага значэньня. Яны маюць на мэце стварыць вобраз Іраку як небясьпечнай краіны, і тым самым перашкодзіць прыходу гуманітарных арганізацыяў і ізаляваць амэрыканцаў у Іраку. Гэта жахлівыя злачынствы.
Я бачыў месца пасьля выбуху каля прадстаўніцтва Чырвонага Крыжу. Нават сьцены дамоў, якія стаялі на адлегласьці ста мэтраў ад эпіцэнтру, былі ў крыві. Іракцы стаміліся ад гэтай небясьпекі, ад штодзённай страляніны. Але я заўважыў, што калі адбываюцца выбухі, іракцы бягуць да месца выбуху, паглядзець, што адбылося.”
Гэта быў карэспандэнт нашага радыё ў Іраку Валянцінас Мітэ.