Менавіта гэты стэыроід зьяўляецца адным з найбольш эфэктыўных допінгавых прэпаратаў. Два тыдні таму стала вядома пра сьледзтва ў справе адной невялікай фірмы з Каліфорніі, якую падазравалі ў вырабе стэроіду, што не маглі ідэнтыфікаваць дэтэктары. Але цяпер ён быў знойдзены адразу ў пяці спартоўцаў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі.
Рэакцыю грамадзкасьці на гэтую навіну – і ня толькі спартовай грамадзкасьці – можна вызначыць словам шок. Пад сумнеў фактычна пастаўленыя атлетычныя дасягненьні апошніх гадоў.
На думку адмыслоўцаў, вяршыня допінгавага айсбэргу можа быць менавіта ў Злучаных Штатах. Для гэтага ёсьць шмат падставаў, у тым ліку і тое, што такія неалімпійскія віды спорту, як амэырканскі футбол, наагул не падлягаюць допінг-кантролю.
Але на мінулым тыдні кіраўніцтва USA Track&Field – амэрыканскае арганізацыі, якая кіруе разьвіцьцём спорту ў Злучаных Штатах, прыняло рашэньне пачаць змагацца з допінгам. Некаторыя зоркі бэйсболу і футболу Злучаных Штатаў будуць вымушаныя сустрэцца са сьледчымі ў справе новага допінгу, які атрымаў назву тэтрагідрагестрынон – альбо ТГГ.
Генэральна дырэктара Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва Дэвід Боўман у размове з нашым радыё сказаў, што кіраўніцтва USA Track&Field доўгі час адмаўлялася прызнаць існаваньне допінгавай праблемы:
(Боўман: ) “Тое, што яны кажуць цяпер – гэта прынамсі нейкі пазытыў. Любы чалавек з пэўным доляй цынізмаму можа спытацца: “Вельмі добра, але чаму менавіта зараз?” Магчыма, таму, што ў самыя горшыя гадзіны вы раптам пачынаеце разумець, што трэба сябе паводзіць добра. Магчыма, нехта скажа, што ўжо запозна. Але мы мяркуем, што лепш пазьней, чым ніколі”.
Зараз немагчыма сказаць, колькі спартоўцаў карысталіся новым стэроідам, але адкрыцьцё прэпаратаў, якія могуць ідэнтыфікаваць ТГГ, абяцае пошук стэроіду на ўсіх узроўнях.
Міжнародная асацыяцыя атлетычных фэдэрацыяў абвесьціла пра свой намер правесьці паўторны аналіз узораў крыві спартоўцаў, якія бралі ўдзел у апошнім чампіянаце сьвету ў Францыі.
Футбалісты таксама будуць вымушаныя прайсьці тэсты на новы стэроід. Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Жак Рог папярэдзіў, што тыя віды спорту, прадстаўнікі якіх адмовяцца падпарадкавацца антыдопінгаваму кодэксу, рызыкуюць быць наагул выключанымі з праграмы алімпійскіх гульняў.