Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ПРАЦЭС АБ ЛІКВІДАЦЫІ “НЕЗАЛЕЖНАГА ТАВАРЫСТВА ПРАВАВЫХ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯЎ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Назалежнаму таварыству прававых дасьледаваньняў” ставяць у віну супрацьдзеяньне прадстаўнікам улады і парушэньне закону аб грамадзкіх арганізацыях. За гэта таварыству пагражае ліквідацыя. 29 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс паводле гэтай справы.

У 1996 годзе каля двух дзясяткаў прафэсійных юрыстаў зь Менску аб’ядналіся ў “Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў”, каб вывучаць праблемы адпаведнасьці беларускіх законаў міжнародным нормам. Але пазьней сябрам таварыства ўсё часьцей даводзілася адстойваць у судах інтарэсы грамадзкіх арганізацыяў, якія дзяржава спрабавала пакараць альбо нават закрыць. Усяго прадстаўнікі таварыства ўдзельнічалі ў сарака падобных працэсах, сярод іх такія вядомыя як закрыцьцё “Прававой дапамогі насельніцтву”, разгляд касацыйных скаргаў аб’яднаньняў “Ратуша”, “Касыяпэя” ды іншых.

Папярэдне чыноўнікі гарадзкой управы юстыцыі вынесьлі таварыству два папярэджаньні. Сёньня суд паспрабаваў разабрацца, наколькі гэтыя папярэджаньні справядлівыя. Былі заслуханыя сьведкі , а таксама тлумачэньні абодвух бакоў. Старшыня таварыства Алена Тамкачова заявіла пра нязгоду з папярэджаньнямі. Яна патлумачыла іх спробай адпомсьціць таварыству за тыя перашкоды, якія яно стварае чыноўнікам у справе незаконнай ліквідацыі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў.

(Тамкачова: ) “Нашая актыўнасьць у судах па справах аб ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў была вельмі высокая, мы ўказвалі на парушэньні заканадаўства, агалошвалі дзеяньні пэўных асобаў, якія раскручвалі гэты махавік рэпрэсіяў супраць арганізацыяў, і таму, відаць, сталі для Міністэрства юстыцыі вельмі нязручнымі”, — лічыць старшыня “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў” Алена Тамкачова.

Аднак прадстаўнік гарадзкой управы юстыцыі Аляксей Шчарбовіч, які рыхтаваў дакумэнты аб папярэджаньні арганізацыі, зявіў, што ніякага загаду стварыць умовы для ліквідацыі таварыства асабіста ён не атрымліваў. “Я кіраваўся законам, больш нічым”, — заявіў суду Аляксей Шчарбовіч.

Пры гэтым ён прызнаў, што не праводзіў разьбіральніцтва фактаў, якія былі выкарыстаныя для вынясеньня папярэджаньня, не заслухаў другога боку, а цалкам паверыў сваім калегам. Адзін з гэтых калегаў, чыноўнік Мінюсту Андрэй Астараўцоў пацьвердзіў у судзе, што падпісаў справаздачу пра дзеяньні падчас праверкі, у якіх непасрэдна не ўдзельнічаў. Другі чыноўнік Мінюсту Аляксандар Харытон у суд увогуле не зьявіўся. Нібыта ён заняты на другім працэсе. Алена Тамкачова зь “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў” лічыць, што прадстаўнік Мінюсту не зьявіўся ў суд зусім зь іншых прычынаў:

(Тамкачова: ) “Наўпрост таму, што сьцьвярджаць няпраўду ў якасьці сьведкі будзе складаней, чым выкладаць яе на паперы”.

Аляксандра Харытона зь Мінюсту суд чакае для выступу ў якасьці сьведкі заўтра, 30 кастрычніка. Судзьдзя Галіна Глухоўская мяркуе, што гэта вельмі важны сьведка.

Супрацоўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон ужо фігураваў у справах пра закрыцьцё шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Прыкладам, у справе “Прававой дапамогі насельніцтву”, якая была закрытая месяц таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG