Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” ПА-РАНЕЙШАМУ ПАТРАБУЕ АД “БЕЛТРАНСГАЗУ” КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕТ АКЦЫЯЎ

Уладзімер Глод, Менск

Уладзімер Сямашка прывёў шмат прыкладаў, якія гэта пацьвярджаюць. Беларусь хацела бы набываць газ выключна ў “Газпрому” — Расея прапануе, каб сярод пастаўцоў былі й іншыя кампаніі. Беларусь хоча купляць газ выключна па цэнах расейскага пятага поясу, якія цяпер складаюць 30 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў — расейцы разглядаюць варыянты ў прамежку ад 46 да 80 даляраў. Расея патрабуе прадаць ёй кантрольны пакет акцыяў “Белтрансгазу” — Беларусь на гэта ніякім чынам не пагаджаецца.

Спадар Сямашка гаворыць, што расейцы інтарэсаў Беларусі ўлічваць ня хочуць:

(Сямашка: ) “Калі расейцы мне апануюць, я кажу: спадарства, у вашых законах прапісана дакладна — замежны інвэстар ня можа мець у газатранспартнай сыстэме Расеі больш за 20% акцыяў. Яны абмежавалі парог у памеры 20%. Ня толькі кантрольны, але пакет, які блякуе, яны не дазваляюць мець заходняму інвэстару ў сыстэме”.

У выканаўцы абавязкаў віцэ-прэм’ера спыталіся, што будзе, калі бакі ня знойдуць агульнай мовы?

(Сямашка: ) “Тут пралічылі розныя варыянты, што будзе, калі газ будзе каштаваць 44 даляры на ўваходзе, што будзе, калі 50 і нават калі 80. Я вам мушу дакласьці, што ў парадку шантажу тыдзень таму “Газпром” прыслаў нам кантракт, у якім значыцца 80 даляраў за 1 тысячу кубоў газу. Мы перамовы вядзем, і бачым, што нам так негалосна кажуць: “Ну, зразумела, Беларусь — такі-сякі, але ўсё ж хаўрусьнік. Ну, мабыць, цана будзе ніжэйшая, чым ва Ўкраіне, дзе сёньня 50. Ну, мабыць, 44 будзе. Але ў нас пралічаныя ўсе варыянты”.

Спадар Сямашка паведаміў, што да 17 лістапада ў Менску пройдзе яшчэ адзін тур перамоваў, падчас якога бакі паспрабуюць знайсьці кампраміс. Кіраўнік аналітычнага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук на такі варыянт не разьлічвае:

(Раманчук: ) “Патрабаваньні, якія вылучае беларускі бок, напрыклад, каб толькі “Газпром” пастаўляў для Беларусі газ, а ня толькі тры кампаніі, сьведчаць пра тое, што гэтыя пытаньні знаходзяцца ў кантэксьце перамоваў. Беларускі бок паводзіць сябе так, быццам бы ён ня хацеў дамовіцца, не хацеў бы атрымаць пазытыўны вынік. Гэта такі тэст для абодвух бакоў. Сідорскі і Сямашка толькі агучваюць пазыцыю, якая выпрацоўваецца ў адміністрацыі прэзыдэнта. І толькі там, і толькі ў кантэксьце сумесных пакетных дамоўленасьцяў можа быць вырашанае беларускае газавае пытаньне”.

Занепакоенасьць пазыцыяй беларускага боку, які апошнім часам ня можа знайсьці агульнай мовы ня толькі з Масквой, прагучала і ў выглядзе пытаньня да міністра фінансаў краіны Мікалая Корбута: чаму 28 кастрычніка Беларусь заняла адрозную ад іншых пазыцыю на паседжаньні ЭўраЗЭСу? Спадар Корбут адказаў, што гэта ня так, і ня трэба занадта прыслухоўвацца да расейскага піяру.
XS
SM
MD
LG