Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СТАВЯЦЬ ЗНАК РОЎНАСЬЦІ ПАМІЖ БРСМ І ВЛКСМ. ЯК ДА ГЭТАГА СТАВІЦЦА МОЛАДЗЬ?

Галіна Абакунчык, Менск

Кастрычніцкі пляц сталіцы з ранку 29 кастрычніка ўпрыгожаны каляровымі сьцягамі й транспарантамі. На адным зь іх напісана: “85 гадоў ВЛКСМ—БРСМ”. На калёнах Палацу рэспублікі прымацаваныя плякаты з назвай гэтых арганізацыяў і выявай колішніх камсамольскіх значкоў з партрэтам Уладзімера Леніна. Увечары тут адбудзецца ўрачысты сход й сьвяточны канцэрт, удзел у якіх возьме Аляксандар Лукашэнка.

Першыя старонкі галоўных дзяржаўных газэтаў, тэле- і радыёпраграмы гэтымі днямі таксама прысьвечаныя камсамольскаму юбілею. Як грамадзяне краіны ставяцца да гэтых падзеяў? Ці трэба ў Беларусі адраджаць ВЛКСМ? Гэтыя пытаньні я задавала выпадковым мінакам. І вось якімі былі на іх адказы:

(Спадарыня: ) “Вельмі правільна. Канечне, я ў такім узросьце, што мяне туды ня прымуць. Але ў маладосьці я была актывісткай, камсоргам была, гэта вельмі добра”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю. Але па ідэі павінна, каб нешта было кшталту камсамолу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці варта ў Беларусі адраджаць ВЛКСМ? Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Не. Ня трэба, бо я вырасла ў тым камсамольскім пакаленьні. Думаю, што трэба ствараць нешта новае”.

(Спадар: ) “Не. Ня трэба. Я 20 гадоў у камсамоле быў і нічога ад гэтага ня меў — і цяпер ня маю”.

(Спадарыня: ) “Канечне, цяперашнія камсамольцы ня будуць такія, якімі некалі былі мы. Раней было ня тое, што цяпер — забіць, абакрасьці кагосьці. Але я лічу, што камсамол павінен быць”.

(Спадарыня: ) “Я ў гэтым ня вельмі разьбіраюся, але чым дзеці будуць у падваротнях піва расьпіваць, дык няхай лепш у камсамоле будуць. Я лічу, што гэта ня так і дрэнна”.

(Спадар: ) “Цяпер абавязкова павінна быць нешта кшталту камсамолу”.

(Спадарыня: ) “Камсамол і іхныя цяперашнія льготы — гэта добра. Але я ня ведаю, чым усё гэта можа закончыцца”.

У людзей сталага веку, якія прайшлі праз ідэалягічную апрацоўку піянэрыі, ВЛКСМ і кампартыі, да адраджэньня камсамолу стаўленьне адносна ляяльнае. А вось большасьць моладзі з праявамі старой сыстэмы катэгарычна ня згодная. Вось як яны аргумэнтавалі свой пратэст:

(Юначка: ) “Мы пераходзім у новае тысячагодзьдзе, абавязкова патрэбна ствараць нешта прынцыпова новае, а не заставацца на савецкіх традыцыях”.

(Юнак: ) “Калі за мяжой існуюць суполкі ці партыі, якія аб’ядноўваюць моладзь на тых ці іншых прынцыпах, то нешта падобнае павінна быць і ў нашай краіне. Але вось такая шчыльная падтрымка дзяржавы і гэты афіцыёз, па-мойму, не павінны вось так кідацца ў вочы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці патрэбна ў Беларусі адраджаць ВЛКСМ?”

(Юначка: ) “Я лічу, што гэтага рабіць ня трэба, я стаўлюся да гэтага вельмі нэгатыўна. Бо гэтая эпоха мінула, ад яе нічога не засталося, акрамя дрэнных вынікаў. Гэта арганізацыя таксама мае атэістычны фундамэнт, а я як хрысьціянка не магу гэтага прыняць. Таму лічу, што ня трэба аднаўляць нічога старога, бо гэта бессэнсоўна”.

(Юнак: ) “Я не лічу, што гэта патрэбна. Бо я магу сустракацца са сваімі сябрамі і бяз гэтай арганізацыі. Тое, што там прысутнічае ідэялёгія, гэта таксама мінус. Мне ўсё гэта не падабаецца, таму я не ўступаў і не ўступлю ў гэтую арганізацыю”.

(Юначка: ) “Я лічу, што маладыя людзі мусяць праяўляць сябе і без удзелу дзяржавы. Таму лічу, што гэта не патрэбна”.

(Юначка: ) “У БРСМ я не ўступала, ніякіх імкненьняў уступіць у гэтую арганізацыю ў мяне няма”.

Гэткія былі адказы менчукоў на вуліцах сталіцы на пытаньне, ці патрэбна ў Беларусі адраджаць ВЛКСМ.
XS
SM
MD
LG