Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭДАКЦЫІ “ЛІМ” АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ЧАРГОВЫЯ КАДРАВЫЯ ЗЬМЕНЫ


Ганна Соусь, Менск

Як стала вядома Радыё Свабода з крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва літаратурнага голдынгу, Віктара Шніпа палічылі занадта мяккім галоўным рэдактарам. Па часе ў яго закончыцца кантракт, і пасаду галоўнага рэдактара прапанавалі пісьменьніку Ўладзімеру Глушакову. Ён вядомы сваімі публіцыстычнымі выступамі ў абарону гэтак званай саюзнай дзяржавы.

Уладзімер Глушакоў пакуль працуе ў “Народнай газеце”, а раней быў намесьнікам рэдактара часопісу “Беларуская думка” (былога “Камуніста Беларусі”). Але найбольш вядомым ён стаў на пасадзе намесьніка старшыні Дзяржкамдруку ў 2001 годзе, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў пэўны час выконваў абавязкі дырэктара прыватнай друкарні “Мэджык”. Менавіта Ўладзімер Глушакоў забараніў друкаваць нумар “Народнай волі” за 5 верасьня зь перадвыбарчым каляжом на першай паласе.

Што да творчасьці Ўладзімера Глушакова, то ён піша ў асноўным па-расейску. Вось назвы толькі некаторых ягоны твораў — “Пахнет полем и весной”, “Колдобина”, “Семена”, “Праздник комбайна”. Я зьвязалася па тэлефоне з Уладзімерам Глушаковым, і ён паведаміў, што пакуль яшчэ не прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара “ЛіМу”.

(Глушакоў: ) “Яшчэ нешта абазначылася на гарызонце, пакуль на ўзроўні гутарак са знакам плюс, са знакам мінус. Калі нешта пасьпее, высьпее, тады можна будзе пра нешта сказаць”, — паведаміў Радыё Свабода Ўладзімер Глушакоў.

Я зьвярнулася па камэнтар з гэтай нагоды да кіраўніцы літаратурна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” Таісы Бондар, але яе сакратарка некалькі разоў раіла патэлефанаваць пазьней, а потым адказала, што спадарыні Бондар сёньня ня будзе на працы. Гэткі ж вынік мелі спробы датэлефанавацца да Віктара Шніпа. А вось якім чынам патлумачыў сытуацыю адзін з супрацоўнікаў “Літаратуры і мастацтва”:

(Супрацоўнік: ) “Вам тут ніхто нічога афіцыйна ня скажа. А неафіцыйна… Толькі тое, што мы ходзім і шэпчамся тут”.

Колішняя старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава называе кадравыя зьмены агульнай тэндэнцыяй любой таталітарнай сыстэмы:

(Іпатава: ) “Нават калі чалавек ляжа, што называецца, на зямлю і дазволіць, каб празь яго праходзілі ў нейкіх сваіх кірунках, то ўсё роўна, калі ён хоць духам беларускі, яму ня выжыць у гэтай сыстэме. Тое беспрэцэдэнтнае для творчага чалавека становішча, якое адбываецца ў “ЛіМе”… І нават Шніп пры яго трусасьці неверагоднай для пісьменьніка, нават ён аказваецца няўгодным гэтай уладзе. Ім трэба ўжо паставіць на 150 адсоткаў свайго, бо Шніп усё ж таленавіты чалавек і беларус па духу”.

Нагадаю, што ў жніўні ў газэце “Літаратура і мастацтва” адмовіліся друкаваць артыкул да 50-годзьдзя пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Вольга Іпатава згадвае і іншыя выпадкі:

(Іпатава: ) “Яшчэ чатыры месяцы таму Ўладзімер Конан напісаў рэцэнзію на маю кнігу “Альгердава дзіда”. Дык яны чатыры месяцы валтузіліся, ён некалькі разоў прыходзіў, і яе ўсё роўна не друкавалі. І Конан быў вымушаны яе забраць зь “ЛіМу”. Такі ж лёс спасьціг і Лідзію Савік. Сьвятлана Сачанка напісала рэцэнзію на яе кнігу, і таксама яна не была надрукаваная. Гэта толькі тыя аўтары, хто туды прыходзіць. Але, напрыклад, я туды, натуральна, проста не хаджу, як і многія іншыя пісьменьнікі, якія проста ня будуць супрацоўнічаць з гэтым голдынгам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG