Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК АДЦЭНЗУРАВАЎ “СВАБОДУ СЛОВА” НТВ


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, напярэдадні запісу перадачы, што пойдзе ў эфір у пятніцу, яе аўтары перадалі ў Лукашэнкаву адміністрацыю сьпіс з 27 журналістаў і грамадзкіх дзеячаў, якіх яны запрасілі для ўдзелу ў здымках. Але супрацоўнікі адміністрацыі пакінулі ў гэтым сьпісе толькі сем прозьвішчаў. Гэта прадстаўнікі газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч і Марына Коктыш, агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай, “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна, газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак, расейскай тэлекампаніі “Эхо-ТВ” Марыя Маліноўская, а таксама вядомы эканаміст Леанід Заіка.

Прадусар праграмы “Свабода слова” Ігар Зімакоў распавёў, што журналістам НТВ выставілі жорсткую ўмову: альбо на здымкі дапускаюцца толькі зацьверджаныя асобы, альбо Лукашэнка ў праграме ня ўдзельнічае.

(Зімакоў: ) “Адміністрацыя абмежавала колькасьць журналістаў зь беларускага боку ды нібы прызначыла тых людзей, якім, відавочна, аддае перавагу”.

Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі за некалькі гадзінаў да запісу перадачы паехала на тэлебачаньне (здымкі адбываліся на вуліцы Камуністычнай) і скантактавацца зь ёй не ўдалося. А вось як апісала сытуацыю рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна, ідучы на запіс праграмы. Цікава, што яна трапіла ў сьпіс ці не ў апошні момант замест карэспандэнта Радыё Свабода Ігара Карнея:

(Калінкіна: ) “Спачатку мяне ўчора папярэдзілі, што я запрошаная на гэтую перадачу. Сёньня раніцай папрасілі выбачэньня і сказалі, што прэсавая служба прэзыдэнта выкрасьліла маё прозьвішча. Потым недзе пасьля абеду сёньня ж пазваніў Савік Шустэр і вельмі папрасіў прыйсьці на праграму, сказаў, што мяне зноў вярнулі ў сьпісы. Я не лічу, што байкот — найлепшы мэтад паводзінаў. І палітычныя партыі, і журналісты ўжо шмат разоў нешта байкатавалі. Мне здаецца, калі ёсьць нейкая трыбуна — трэба выкарыстоўваць любую магчымасьць. Гэтак робіць Лукашэнка”.

Гэтую думку спадарыні Калінкінай падзяляе т галоўны рэдактар газэты “Салідарнасць” Аляксандар Старыкевіч, прозьвішча якога са сьпісаў выкрасьлілі:

(Старыкевіч: ) “Гэтую сытуацыю варта максымальна агучыць, бо яна досыць сьмешная. Каб гэта была праграма “Прэзыдэнт у гальштуку” ці “Прэзыдэнт бяз гальштуку”, дык ясна, што можна неяк падбіраць аўдыторыю. Але калі гутарка ідзе пра праграму пад назвай “Свабода слова” і адбываецца такая масавая цэнзура з боку беларускіх уладаў расейскай тэлепраграмы — яшчэ папярэдняя, бо я лічу гэта формай цэнзуры, дык сьведчыць на карысьць таго, што Лукашэнка не такі моцны палеміст, як яго часам рэпрэзэнтуюць”.

Спадар Старыкевіч прыгадаў, што роўна 10 гадоў таму зь ім адбылася такая ж гісторыя — людзі прэм’ер-міністра Кебіча не пускалі яго ў залю Вярхоўнага Савету. Аляксандар Лукашэнка пабудаваў сваю перамогу на крытыцы Вячаслава Кебіча, але за 10 гадоў сытуацыя зьмянілася.

(Старыкевіч: ) “Ён прызвычаіўся працаваць у жанры маналёгу — тут ён спэц. Але ён проста пабойваецца апынуцца сам-насам з тымі людзьмі, хто здольны задаць яму складаныя пытаньні. Што я б рабіў у выпадку, калі б я апынуўся сярод тых, хто трапляе на эфір? Я б агучыў гэтую сытуацыю, безумоўна, пры першай магчымасьці — і пасьля гэтага пакінуў перадачу”.

“Беларускія ўлады фактычна зьдзейсьнілі цэнзуру расейскай тэлепраграмы “Свабода слова”, — лічыць праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Межы гэтай свабоды паводле так званых “беларускіх стандартаў” добра вядомыя журналістам нашай краіны: гэта зачыненыя незалежныя выданьні, крымінальны перасьлед за крытычныя ацэнкі дзеяньняў улады. Цяпер з такімі падыходамі сутыкнулася і НТВ. Сьледам за дэпартацыяй Паўла Селіна і закрыцьцём карпункту НТВ адбылося ўмяшаньне беларускіх уладаў у рэдакцыйную палітыку вядомага й папулярнага тэлеканалу”.

Чаму Аляксандар Лукашэнка ахвотна прымае расейскіх журналістаў, а беларускіх збольшага ігнаруе? Вось як адказаў на гэтае пытаньне вядучы праграмы Савік Шустэр:

(Шустэр: ) “Відаць, яму ня трэба зьвяртацца да ўласнага народу. Відаць, ён мінуе ўласны народ. Відаць, зь ім ён ужо высьветліў усе дачыненьні ды атрымаў адказы на ўсе пытаньні. Я так магу разумець гэта — усё ж палітык папулісцкага кшталту, ён падобны, скажам, да такіх палітыкаў, як Жырыноўскі, якія вельмі добра чуюць менавіта плебс, -- і ён ведае, што ён у Расеі шмат каму падабаецца”.

Як паведамілі сьведкі, у будынак тэлебачаньня на Камуністычнай увечары пачалі прывозіць на аўтобусах сяброў БРСМ, каб імі запоўніць аўдыторыю падчас запісу праграмы “Свабода слова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG