Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВЫ ПРА ПАСТАЎКІ РАСЕЙСКАГА ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ ЗАМАРОЗІЛІСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў кіраўнік дзяржаўнай кампаніі “Нафтагаз Украіны” Юры Бойка, Расея і Ўкраіна зыходзяць з кошту расейскага газу для Ўкраіны ў 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў і кошту транзыту на 1 даляр 9 цэнтаў за перапампоўваньне тысячы кубамэтраў на адлегласьць 100 кілямэтраў. Такім чынам, умовы для Ўкраіны на наступны год істотна не зьмяніліся. Апрача адной важнай тэндэнцыі: калі раней фіксавалася колькаснае падзеньне аб’ёму транзыту расейскага газу праз Украіну, то на будучы год ён вырасьце на 6% і складзе 127 мільярдаў кубамэтраў. Адпаведна вырастуць і выплаты за яго, таму паводле спадара Бойкі, частку свайго транзыту Расея аплаціць грашыма.

Аляксандар Лукашэнка дабіваецца, каб умовы пастаўкі расейскага газу ў Беларусь былі прынамсі ня горшыя, чым ва Ўкраіну. Але перамовы на гэты конт пасьля таго, як “Газпром” прапанаваў Беларусі на наступны год газ па 80 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, замарудзіліся. Прэсавы сакратар кіраўніка “Газпрому” Сяргей Купрыянаў кажа, што працэс падрыхтоўкі да падпісаньня кантракту зь Беларусьсю на наступны год “буксуе”.

(Купрыянаў: ) “Тут, шчыра кажучы, сытуацыя для нас дастаткова няпэўная. Мы зрабілі сваю прапанову, а беларускі бок ня хоча ісьці на нейкія канструктыўныя перамовы па гэтым пытаньні. Яны па-ранейшаму спадзяюцца, што ўсё ж будуць дасягнутыя нейкія палітычныя дамоўленасьці, і будзе вяртаньне да ўнутрырасейскіх цэнаў пры пастаўках газу ў Беларусь”.

Прэсавы сакратар кіраўніка “Газпрому” Сяргей Купрыянаў кажа, што тут беларускі бок рызыкуе:

(Купрыянаў: ) “Гэта можа мець нэгатыўныя наступствы для беларускага боку, бо калі кантракту ня будзе — то ня будзе і газу”.

Сяргей Купрынаў сьцьвярджае, што “Газпрому” таксама не патрэбнае такое разьвіцьцё падзеяў, бо гэта выкліча лішнія палітычныя спрэчкі.

Аляксандар Лукашэнкам абвінаваціў “Газпром” у тым, што той цісьне на “Ітэру” ды іншыя незалежныя кампаніі-пастаўцы газу з тым, каб яны не прадавалі Беларусі газ па цане, меншай чым “Газпром”. Сяргей Купрыянаў на гэта адказвае, што іншыя пастаўцы не валодаюць дастатковымі вольнымі аб’ёмамі газу, каб канкураваць з “Газпромам”, і таму ім выгадна самім арыентавацца на кошт, які вылучае “Газпром”:

(Купрыянаў: ) “У беларускага боку магчымасьці нейкім чынам тут манэўраваць, што, маўляў, ня буду браць газ у ”Газпрому”, а вазьму ў “Ітэры”. Насамрэч магчымасьцяў для такога манэўру ня так шмат. Таму нам няма неабходнасці кагосьці прымушаць ці дыктаваць нейкую цану. Гэтыя кампаніі цудоўна разумеюць, што рухаючыся ў нашым фарватэры і арыентуючыся на тыя кошты, якія называем мы, яны таксама змогуць атрымаць выгаду”.

Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў. Ён паведаміў, што дата наступнага раўнду перамоваў з прадстаўнікамі Беларусі дагэтуль ня вызначаная. Нічога не змаглі сказаць пра верагодную дату перамоваў і тэрміны падпісаньня кантракту з “Газпромам” і ў беларускім урадзе. Гаворыць прэсавы сакратар Мінэнэрга Лілія Дулінец:

(Дулінец: ) “Да канца году будзе падпісаны, так, да 31 сьнежня. Калі будуць біць куранты, ужо ўсё будзе нармальна. Цьфу-цьфу-цьфу, каб не сурочыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG