На мерапрыемства запрасілі вядомага эўрапейскага палітыка — дэпутатку Бундэстагу і кіраўніцу адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Уту Цапф, якая ў гэты час будзе ў Менску з афіцыйным візытам.
Ініцыятыва стварэньня новага грамадзкага руху належыць старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколу Статкевічу. Сярод арганізатараў “Эўрапейскай кааліцыі” — жаночая партыя “Надзея” Валянціны Матусевіч, блёк “Свабодная Беларусь”, касьцяк якога складаюць актывісты “Хартыі’97”, а таксама прафсаюзныя і маладзёвыя арганізацыі.
Спадар Статкевіч так фармулюе задачы “Эўрапейскай кааліцыі”:
(Стакевіч: ) “Галоўная, асноўная мэта, дзеля якой ствараецца гэта кааліцыя, гэта інтэграцыя Беларусі ў Эўрапейскі зьвяз. Ня трэба быць вялікім прагназістам, каб уявіць, што праз 15 гадоў Беларусь можа быць альбо сябром Эўрапейскага зьвязу, альбо быць у складзе Расеі. Мабыць, іншых варыянтаў ня дадзена. Ва ўмовах, калі беларускі ўрад праводзіць антыэўрапейскую палітыку, палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, грамадзяне Беларусі павінны ўзяць ініцыятыву на сябе. І пачаць праводзіць гэтую працу”.
Спадар Статкевіч акрэсьліў стратэгічны шьлях. Што тычыцца тактыкі, дык тут стваральнікі новай кааліцыі, паводле іх словаў, будуць распаўсюджваць разнастайныя і шматлікія прапагандысцкія матэрыялы, праводзіць цікавыя сустрэчы ў сталіцы і рэгіёнах. Эўрапейская ідэя будзе скарыстаная і пры падрыхтоўцы да парлямэнцкіх выбараў 2004 году.
Апошняя акалічнасьць дае падставы некаторым палітолягам ацэньваць новы рух як альтэрнатыўны кааліцыі пяці палітычных партыяў. Мікола Статкевіч з гэтым не пагаджаецца:
(Статкевіч: ) “Да выбараў год. Я думаю, наперадзе нас чакаюць розныя камбінацыі, перамовы. Эўрапейская ідэя ўзьнікла да ўсялякіх “пяцёрак”. Мы спрабавалі весьці перамовы з кіраўніцтвам БНФ і АГП яшчэ напрыканцы вясны наконт стварэньня гэтай кааліцыі. Але яны чамусьці адмовіліся ад сваіх эўрапейскіх лёзунгаў і пайшлі на стварэньне блёку, у якім большасьць належыць партыям, якія выступаюць за стварэньне саюзнай дзяржавы з Расеяй у той ці іншай форме. Тры партыі зь пяці выступаюць за стварэньне саюзнай дзяржавы. А сумясьціць гэта зь сяброўствам ў Эўразьвязе немагчыма”.
Анатоль Лябедзька — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую спадар Статкевіч разам з Партыяй камуністаў беларускай і партыяй працы адносіць да трох прарасейскіх, выказвае свой погляд на падзеі:
(Лябедзька:) “Насамрэч падчас кансультацыяў, якія былі ня трохбаковымі, а шасьцібаковымі, пяць партыяў пагадзіліся на супрацоўніцтва. Мы ж не стварылі кааліцыю па адносінах да Эўропы, Расеі, Злучаных Штатаў Амэрыкі ці Гвінэі-Бісаў. Мы стварылі ўнутрыпалітычную кааліцыю. І перадусім, мы арыентуемся на грамадзянаў Беларусі, на 10 мільёнаў жыхароў, і толькі стварыўшы ўмовы для 10 мільёнаў, мы дамо мажлівасьць, у тым ліку і спадару Статкевічу, вырашаць пытаньні геапалітычнага разьвіцьця — арыентавацца на Ўсход ці на Захад, ці куды-нібудзь яшчэ. Але калі мы ня вырашым праблемы рэжыму, праблемы дэмкратыі, іх мара пра Эўрапейскі Зьвяз перадасца і іх дзецям”.